Ва ўступных іспытах на бюджэтную форму навучаньня конкурс наогул адсутнічаў (менш за аднаго чалавека на месца) у ВДУ на спэцыяльнасьці "фізыка (навукова-вытворчая дзейнасьць)" - 0, "матэматыка і інфарматыка" - 0,4, "прыкладная матэматыка (навукова-пэдагагічная дзейнасьць)" - 0,5 , "сацыяльная пэдагогіка" - 0,9; у ПДУ з улікам правядзеньня дадатковага набору на спэцыяльнасьці "кампутарная бясьпека" - 0,5, "мадэляваньне і кампутарнае праектаваньне радыёэлектронных сродкаў" - 0,6, "тэхнічная праца і прадпрымальніцтва" - 0,7, "радыётэхніка" - 0,9.
Пасьля масавых зваротаў да гарадзкіх уладаў, складаньня інтэрнэт-пэтыцыяў і скаргаў у розныя інстанцыі просьба аматараў актыўнага правядзеньня часу была задаволеная: у зоне адпачынку на набярэжнай Віцьбы больш не прадаюць моцных сьпіртовых напояў.
У кнізе заўваг і прапаноў ААТ «Полацак-Шкловалакно» зьявілася скарга на парушэньне адміністрацыяй прадпрыемства ўказу прэзыдэнта. Скарга напісаная 23.07.2014 г. ад імя старшыні Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава (на фота). Пры гэтым, як сьцьвярджае апошні, 23 ліпеня кнігу яму на рукі ня выдалі, таму ніякага запісу ў ёй ён у той дзень не рабіў.
У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску распачаўся новы разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да актывісткі Надзеі Куканос. Справу вядзе судзьдзя Алена Цыганкова. 30 ліпеня судовае паседжаньне пачалося са значным спазьненьнем, і адна з выкліканых у суд сьведак, Людміла Савельева (на фота), падала наконт гэтага скаргу. Пасьля, паводле слоў спадарыні Савельевай, судзьдзя запрасіла яе ў свой габінэт, дзе зьневажала яе і пагражала прыцягнуць да адказнасьці за фальшывыя паказаньні. У выніку жанчына мусіла зьвярнуцца да лекараў, якіх выклікалі наўпрост у суд...
«Сьледчымі Віцебшчыны скончана 3516 крымінальных спраў, перададзена ў пракуратуру для накіраваньня ў суд 2811 крымінальных спраў», - прывёў статыстыку за першае паўгодзьдзе 2014 году начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Шалухін. Такая інфармацыя прагучала падчас прэсавай канфэрэнцыі, што адбылася ў СК Віцебшчыны.
Сьледчы камітэт паведамляе пра чарговае гучнае затрыманьне топ-мэнэджэраў, уключна з намесьнікам гендырэктара ААТ «Нафтан» і шэрагам кіраўнікоў прадпрыемстваў рэальнага сэктару эканомікі. Супрацоўнікі «Нафтана» ананімна апавялі Радыё Свабода, што затрыманы намесьнік генэральнага дырэктара па матэрыяльным і тэхнічным забесьпячэньні Сяргей Карась і тры ягоныя падначаленыя. Сярод іншага, затрыманыя асобы адказвалі за правядзеньне тэндэраў.
Пытаньне закрыцьця пасутачнай арэнды жытла, якое яшчэ нядаўна гучала толькі для сталіцы, наўпрост закрануў рэгіёны. Так, спэцыялістам КУП «Воршакамгас» было даручана ўзмацніць кантроль за выкарыстаньнем жылых памяшканьняў. У выніку, прадпрымальнікам прапануюць два варыянты: альбо пераводзіць жытло ў нежылы фонд, альбо проста адмовіцца ад бізнэсу.
Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шматлікія парушэньні падчас рэстаўрацыі Сафійскага сабору ў Полацку. Яны абышліся бюджэту ў больш як 650 мільёнаў рублёў. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі.
У рэдакцыю сайту belnovosti.by прыйшоў ліст ад жыхаркі Віцебску Івановай Валянціны Віктараўны, якая сутыкнулася зь бязьмежжам з боку супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі. Паводле слоў жанчыны, месяц таму яна атрымала пастанову ДАІ Менску аб прыцягненьні яе да штрафу за перавышэньне хуткасьці на аўтамабілі. Пры гэтым, як піша чытачка, машыны яна ніколі ня мела, і рэгістрацыі нікому не давала.
Другое лета запар сьцены аднаго з найбуйнейшых на Віцебшчыне аздараўленчага лягеру "Віцязь" застаюцца пустымі. Справа ў тым, што ва ўласьнікаў няма сродкаў на яго ўтрыманьне. Перадаць базу новаму ўласьніку рашэньне ўжо прынятае, і нават частка карпусоў перададзеная, але водазабесьпячэньне, электрасеткі ўсё яшчэ на балянсе ранейшага ўладальніка.