Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў паскардзіўся на чыноўнікаў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску ў аблвыканкам і гарадзкую пракуратуру. На думку скаржніка, чыноўнікі груба парушылі закон, таму ён прасіў прыцягнуць іх да адказнасьці. Аблвыканкам пакінуў скаргу Дзяржаўцава без разгляду па сутнасьці, а пракуратура паспрабавала абмежавацца фармальнай адпіскай.
Ян Дзяржаўцаў і ягоны аднапартыец Пётра Сарапеня падавалі на імя старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску заяву аб правядзеньні пікету 7 лістапада 2014 году. Партыйныя актывісты падчас пікетаваньня меркавалі праінфармаваць віцебчукоў пра наступствы бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту і неабходнасьць забароны камуністычнай партыі і яе ідэалёгіі на тэрыторыі Беларусі. Заява была пададзеная ў належныя тэрміны і з захаваньнем усіх неабходных фармальнасьцяў. Аднак нягледзячы на гэта, правядзеньне пікету было забароненае.
На наступны дзень пасьля атрыманьня адказу №15-16/Д-8 з раённай адміністрацыі аб забароне заяўленага пікету, Ян Дзяржаўцаў падаў скаргу ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт. У скарзе спадар Ян зьвярнуў увагу на “грубыя парушэньні дзейнага заканадаўства з боку адказных работнікаў адміністрацыі Першамайскага раёну г. Віцебску”, у выніку чаго былі парушаныя правы і законныя інтарэсы грамадзяніна.
Па-першае, адказ ня быў падпісаны намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Вольгай Гурчанкай, а значыць ня меў юрыдычнай сілы. А па-другое, адказ быў дасланы заяўніку са спазьненьнем як мінімум на суткі, што зьяўляецца парушэньнем артыкулу 6 Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. У заяве ў аблвыканкам Ян Дзяржаўцаў папрасіў “прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў, вінаватых у парушэньні дзеючага заканадаўства”.
У лісьце зь Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту, які быў падпісаны кіраўніком справаў Аляксеем Мацюшкам, паведамлялася, што “ў адпаведнасьці з абзацам трэцім пункту 1 артыкулу 15 Закону Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 году “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў” скарга пакінутая без разгляду”, бо яна “падлягае разгляду ў судовым парадку”.
Такі адказ не задаволіў заяўніка, і ён падаў яшчэ адну скаргу – у пракуратуру Віцебску. У сваёй чарговай скарзе Ян Дзяржаўцаў прасіў прымяніць да чыноўніцы Гурчанкі меры пракурорскага рэагаваньня, бо тая парушыла дзейнае заканадаўства і ягоныя законныя інтарэсы і правы.
30 сьнежня 2014 году спадар Ян атрымаў адказ за подпісам пракурора Віцебску старшага дарадцы юстыцыі Юрыя Раманоўскага: “Пракуратура гораду правяла праверку законнасьці дзейнасьці службовых асобаў адміністрацыі Першамайскага раёну”. У выніку праверкі пракуратурай “прынятыя меры пракурорскага рэагаваньня” з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў, якія парушылі заканадаўства.
На думку Яна Дзяржаўцава, такі адказ пракуратуры зьяўляецца фармальнай адпіскай: “З адказу так і незразумела, ці пакараў вінаватых супрацоўнікаў старшыня адміністрацыі раёну, або заплюшчыў вочы на іхныя парушэньні. Мая думка такая: крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе, бо законнай улады на Беларусі няма”.
Калі гэты матэрыял рыхтаваўся да публікацыі, стала вядома пра разьвіцьцё гісторыі. Напрыканцы студзеня 2015 году Ян Дзяржаўцаў нарэшце змог дамагчыся вуснага адказу ад пракурора Юліі Лазарэнкі, якая непасрэдна займалася справай: “Пісьмова яна не адказала. І толькі пасьля таго, як я абабіў ўсе парогі пракуратуры, яна паведаміла мне, што галоўнага спэцыяліста аддзелу па ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Першамайскай адміністрацыі Паўла Галавача, так бы мовіць, ласкава папрасілі, каб ён выбраў сабе пакараньне за тое, што ня даў гэтым апазыцыянэрам адказу на іхную заяву аб правядзеньні пікету. А як выбіраць не было з чаго, – кіраўнік адміністрацыі прапанаваў зрабіць Галавачу толькі заўвагу, – на што той ласкава пагадзіўся і сапсаваў сваю рэпутацыю гэткім “жахлівым пакараньнем”. Стасункі ўлады з апазыцыяй нагадваюць фарс, і фарс гэты надта зацягнуўся”.