Скончыўся тэрмін адбываньня пакараньня Яна Дзяржаўцава. 1 красавіка палітык быў вызвалены зь Віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня. Тыдзень таму ён быў прысуджаны да сямі сутак арышту судзьдзёй Першамайскага раёну Віцебску Натальляй Карабліной за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў падтрымку байкоту выбараў.
Палітык Аляксандар Кірылаў быў злоўлены на крадзяжы рэчаў з магазыну «Эўраопт», і суд Кастрычніцкага раёну Віцебску падвергнуў яго адміністрацыйнаму пакараньню – штрафу ў суме 2 600 000 рублёў. Аднак сам Кірылаў з гэтым пакараньнем ня згодны. Ня згодны ён і зь вядзеньнем справы: на думку Кірылава, суд яго віны не даказаў і парушыў яго права на абарону.
Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" ў Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец атрымала адказ ад старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай на тое, што назіральнікі на выбарчым участку №46 у Віцебску ня мелі магчымасьці аглядаць падлік галасоў.
Раённыя ўлады просяць грошай у прадпрымальнікаў. Гэта ўжо другі такі выпадак цягам сакавіка. Два тыдні таму сродкі вымагалі на пасяўную, а цяпер - на абстрактныя патрэбы райвыканкаму пад выглядам суботніку. Ён адбыўся 29 сакавіка. Напярэдадні яго правядзеньня прадпрымальнікі ў Паставах атрымалі ліст з райвыканкаму, копію якога даслаў у рэдакцыю charter97.org адзін з чытачоў.
Настаўніка, актывіста руху «За свабоду» Георгія Станкевіча спавясьцілі пра тое, што супраць яго ініцыяваная адміністрацыйная справа за парушэньне Закону аб СМІ. Спадар Станкевіч — заснавальнік і рэдактар самвыдатаўскай газэты «Крывінка», якую ён распаўсюджвае ў Бешанковіцкім раёне.
У Шумілінскім раёне ў акрузе, дзе перамогу на выбарах у Дабейкаўскі сельскі савет атрымаў сябра партыі БНФ і актывіст руху «За свабоду» Аляксандар Шчамлёў, перагледзелі вынікі галасаваньня. Цяпер дэпутатам сельсавету ад гэтай акругі названая намесьніца дырэктара Амбросавіцкай сярэдняй школы Ірына Мацялёнак.
Віцебская арганізацыя ГА БРСМ паведамляе, што на добраўпарадкаваньне райцэнтру да «Дажынак» накіруюць адмысловыя будатрады. Чакаецца, што лета ў Гарадку будзе гарачае: старшыня Віцебскага аблвыканкаму запатрабаваў, каб да 1 верасьня ўсе рамонтныя працы былі скончаныя.
Прадпрыемства "Віцебскэнерга" ініцыявала адміністрацыйную справу супраць легендарнай асобы за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў на электрычныя правады. Гэта здарылася пасьля затрыманьня двух апазыцыянэраў - Барыса Хамайды і Аляксандра Салаўяна, у якіх 24 сакавіка знайшлі нацыянальны сьцяг.
27 сакавіка а 20-й гадзіне вызваляюцца з-пад арышту віцебскія актывісты Барыс Хамайда і Аляксандар Салаўян. Яны былі затрыманыя, імаверна, напярэдадні Дня волі ўвечары 24 сакавіка. Актывісты былі асуджаныя судом Чыгуначнага раёну Віцебску на трое сутак. Аднак дагэтуль невядомая прычына затрыманьня і паводле якога артыкулу былі ўзбуджаныя адміністрацыйныя справы.
На Віцебшчыне ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў узялі каля 82,4% выбаршчыкаў, і гэта самы высокі вынік сярод абласьцей Беларусі. Па выніках выбарчай кампаніі сфармаваныя ўсе 224 мясцовыя саветы, якія найбліжэйшым часам павінны распачаць працу.