Страйк ІП ва ўсёй Беларусі прыпынены, але можа аднавіцца ў кожны момант. Пра гэта паведаміла каардынатарка аргкамітэту ў стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч (на фота). Яна адзначыла, што пастанова прадпрымальнікаў Віцебску і Гародні аб прыпыненьні страйку зусім ня значыць канец іх барацьбы за свае правы, а толькі яе пераход у іншую форму.
Сьледчы камітэт Беларусі расьсьледуе крымінальную справу аб карупцыі ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў зь ліку адміністрацыі ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка", паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК.
Жыхары Віцебску абураюцца тым, што замест аквапарку ўлады наважылі ўшчыльніць жылую забудову ў цэнтры гораду. Як стала вядома сайту charter97.org, мясцовыя ўлады адмовіліся ад будаўніцтва аквапарку і спартовага цэнтру ў цэнтры гораду. Замест гэтага тамсама зьбіраюцца будаваць шматпавярховікі. У новых 760 кватэрах зьбіраюцца пасяліць яшчэ 1300 чалавек. Пра гэта кажа новы плян забудовы раёну.
Рэканструкцыя цэху па вытворчасьці кансэрваў на мясной аснове для дзіцячага харчаваньня ў ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат» у 2011-2014 гадох увогуле абыйдзецца прадпрыемству ў 78,1 мільярдаў рублёў (9,9 мільёнаў даляраў паводле сярэдняга курсу даляру за адзначаны пэрыяд). Гэткія зьмены замацаваныя пастановай беларускага ўраду ад 26 чэрвеня 2014 № 623.
Больш за 90% індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыцьцяўляюць гандаль прамысловымі таварамі на тэрыторыі Калгаснага рынку ў Полацку, ня выйшлі на працу 1 ліпеня.
Індывідуальныя прадпрымальнікі ў рэгіёнах на знак пратэсту ня выйшлі на працу. Сталі рынкі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Баранавічах, Пінску, Сьветлагорску - па ўсёй Беларусі. Віцебскія прадпрымальнікі лічаць, што Менск сваёй бяззубай пазыцыяй здрадзіў рэгіёнам.
Прыкладна 50% індывідуальных прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці падалі ў падатковыя органы «нулявыя дэклярацыі» напярэдадні ўступленьня ў сілу з 1 ліпеня ўказу Лукашэнкі № 222 аб рэгуляваньні дзейнасьці ІП. Такія дэклярацыі падаюцца ў выпадку адсутнасьці выручкі. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу «Разам», віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч.
У Віцебску адбылася сустрэча старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандра Бухвостава з рабочымі гарадзкіх прадпрыемстваў і арганізацыяў. На сходзе, у прыватнасьці, абмяркоўвалася становішча спраў на віцебскіх заводах. Працоўны зь «Віцязя» ў сваёй прамове адзначыў, што некалі вядомы ўсім завод тэлевізараў зараз «ледзь бачны».