Рэканструкцыя цэху па вытворчасьці кансэрваў на мясной аснове для дзіцячага харчаваньня ў ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат» у 2011-2014 гадох увогуле абыйдзецца прадпрыемству ў 78,1 мільярдаў рублёў (9,9 мільёнаў даляраў паводле сярэдняга курсу даляру за адзначаны пэрыяд). Гэткія зьмены замацаваныя пастановай беларускага ўраду ад 26 чэрвеня 2014 № 623.
Першапачаткова пастановай ад 15 чэрвеня 2011 году № 623 аб'ект плянавалася рэканструяваць ў 2011-2012 гадох і выдаткаваць на гэта 40,3 мільярдаў рублёў (6,2 мільёнаў даляраў паводле сярэдняга курсу даляру за першапачаткова плянаваны пэрыяд правядзеньня рэканструкцыі). Такім чынам, кошт мадэрнізацыі вытворчасьці за мінулы пэрыяд вырас амаль удвая.
Выпуск кансэрваў у адрамантаваным цэху складзе 10 мільёнаў умоўных бляшанак у год замест першапачаткова заплянаваных 8 мільёнаў. З агульнага кошту будаўніцтва 76% складаюць выдадзеныя прадпрыемству крэдыты ААТ «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і 24% - крэдыты ААТ «Белаграпрамбанк». Пры гэтым рэшта фінансаваньня рэканструкцыі сёлета складае 12,6 мільярдаў рублёў (1,2 мільёнаў даляраў), астатнія грашовыя сродкі былі выдаткаваныя прадпрыемству ў ранейшыя гады.
Новы дакумэнт афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі 1 ліпеня, а ў моц уступіў з 26 чэрвеня 2014 году.
Аршанскі мясакансэрвавы камбінат распачаў сваю працу ў 1930 годзе, а ў 1998 годзе быў пераўтвораны ў ААТ. На прадпрыемстве наладжаны выпуск дзіцячага харчаваньня, мясных кансэрваў, розных кілбасных вырабаў і вэнджаніны і паўфабрыкатаў зь мяса. Па выніках першага кварталу бягучага году прадпрыемства спрацавала ў страту, якая склала 20,9 мільярдаў рублёў (2,2 мільёнаў даляраў) і ўвайшло ў трыццатку самых стратных ААТ краіны. Дарэчы, у першым квартале мінулага году страта прадпрыемства складала 22,7 мільярдаў рублёў (2,6 мільёнаў даляраў).
Адзначым, што на ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат» ўскладзеная пэрсанальная адказнасьць на правядзеньне ў 2013-2015 гадах мадэрнізацыі СААТ «Камунарка» (Менск).
agronews.by