Вярхоўны суд пакінуў у сіле апраўдальны прысуд, вынесены Віцебскім абласным судом наконт скандальнай крымінальнай справы дэпутата райсавету і дырэктара ААТ «Верхнядзьвінскі масласырзавод» Пятра Лаўрынова.
За студзень-жнівень 2014 году ў Віцебскай вобласьці стратнымі былі 160 арганізацый, або 15,2% ад агульнай колькасьці арганізацыяў (за аналягічны пэрыяд 2013 году - 9,1%). Сума чыстай страты стратных арганізацыяў за восем месяцаў бягучага году склала 781,3 млрд рублёў, або на 17,9% больш, чымся за студзень-жнівень мінулага году, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Падатковыя органы Віцебскай вобласьці за 9 месяцаў бягучага году падчас правядзеньня кантрольных мерапрыемстваў выявілі 56 суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасьці, якія выплацілі заработную плату без адлюстраваньня ў рэгістрах бухгальтарскага ўліку (у "капэртах"). Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры інспэкцыі МПЗ па Віцебскай вобласьці. Па выніках праверак у бюджэт даналічана больш за Br280 млн, у тым ліку Br136,5 млн падаходнага падатку.
За несвоечасовую выплату заработнай платы ў студзені - жніўні да адміністрацыйнай адказнасьці на Віцебшчыне прыцягнутыя 569 юрыдычных і 541 службовая асоба, у тым ліку на падставе інфармацыі, якая паступіла з органаў Камітэту дзяржаўнага кантролю - 109 юрыдычных і столькі ж службовых. Паводле дадзеных кантрольнага ведамства, да 1 верасьня своечасова не разьлічыліся з працаўнікамі ў 28 арганізацыях на суму 10,5 мільярдаў рублёў.
У ААТ «Мона» пачала працаваць і набірае абароты новая спэцыялізаваная вытворчая лінія па пашыве форменных кашуляў для сілавых структур Расеі. У цяперашні час, як адзначае дырэктар прадпрыемства Віктар Амельчанка, ёсьць магчымасьць забясьпечваць максымальную загрузку вытворчасьці, шыючы форменныя кашулі для сілавых структур Расейскай Фэдэрацыі, бо ёмістасьць гэтага рынку складае каля 1 мільёну вырабаў на год.
27 верасьня ў Гарадку адбылося мерапрыемства, якое ніяк не анансавалася ў праграме сьвяткаваньня “Дажынак – 2014” Віцебскай вобласьці. У Вераб'ёвых гарох адкрылася лыжаролерная траса, якую паводле афіцыйнай інфармацыі пабудавалі за… тыдзень.
Налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласьці ў апошнім летнім месяцы склала 5.692.850 і за месяц зьменшылася на 18.022 рублі. Зьніжэньне заробкаў у жніўні адбылося ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Дзякуючы гэтаму Віцебская вобласьць нарэшце перастала ўтрымліваць лаўры самага нізкааплатнага рэгіёну краіны.
25 верасьня ў Віцебску прэзэнтавалі чарговы Цэнтар па працы з прыхільнікамі перамен. На яго адкрыцьці прысутнічала больш за 40 чалавек. У межах мерапрыемства прагучала справаздача пра дзейнасьць альянсу «Талака» ў Віцебску і вобласьці. Адзін зь лідэраў альянсу Сяргей Калякін распавёў пра дзейнасьць «Талакі» ў краіне. Ганаровы старшыня АГП, экс-кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч падзяліўся думкамі аб стане і пэрспэктывах беларускай эканомікі.
Па выніках студзеня-жніўня 2014 году Віцебшчына заняла апошняе месца ў краіне па будаўніцтве жытла. За восем месяцаў бягучага году арганізацыямі Віцебшчыны ўсіх формаў уласнасьці пабудавана 3 тыс. новых кватэр (у студзені-жніўні 2013 году - 2,1 тыс. кватэр). Уведзена ў эксплёатацыю 221,8 тыс. квадратных мэтраў агульнай плошчы жытла, што складае 54,1% да прадугледжанага заданьня на год і 127% да ўзроўню студзеня-жніўня 2013 году, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Праверка Камітэту дзяржаўнага кантролю і пракуратуры Віцебскай вобласьці выявіла ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе "Лёзьненскі лясгас" грубыя парушэньні патрабаваньняў ляснога заканадаўства пры ажыцьцяўленьні нарыхтоўкі драўніны, а таксама факты безгаспадарчасьці. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі.