Помнік быў пашкоджаны ўжо некалькі год таму, да полацкіх уладаў неаднаразова паступалі звароты – што неахайны выгляд помніку псуе рэпутацыю гораду ў вачох турыстаў.
Сёлета ў красавіку стала вядома, што адкрыты адмысловы рахунак для збору сродкаў на рэстаўрацыю. Але прадстаўнікі райвыканкаму запэўнівалі: калі неабходныя 80 мільёнаў ня ўдасцца сабраць за кошт дабрачынных ахвяраваньняў, будуць знойдзеныя іншыя фінансавыя магчымасьці і ў чэрвені помнік будзе адноўлены. Дакладней, ягоная асноўная частка і стане новай, бо адрэстаўраваць пакрышаныя літары на ім не магчыма тэхналягічна.
З дабрачынным рахункам адразу ж пачаліся праблемы: мясцовыя ўлады чамусь не парупіліся, каб банкаўскія рэквізіты былі надрукаваныя ў СМІ. Гэтага ўдалося дамагчыся толькі дзякуючы ініцыятыве незалежных журналістаў і актывістаў, якія «засыпалі» выканкам пісьмовымі патрабаваньнямі перастаць рабіць з банкаўскіх рэквізітаў таямніцу. Аднак высьветлілася, што гэта агульны рахунак «для ўмацаваньня матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства КУП “ЖКГ” г. Полацку». Інакш кажучы, сродкі зь яго могуць пайсьці на розныя мэты.
Тым часам чэрвень скончыўся, аднак помнік так і стаіць у неахайным стане, нягледзячы на абяцаньні Полацкага райвыканкаму. Ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі да рэстаўрацыі ня бачна.
У такім стане ён знаходзіцца ўжо два з паловай гады, нягледзячы на тое, што Полацак наведвае шмат турыстаў, і ўсе яны бачаць сапраўднае стаўленьне да захаваньня ў гістарычным цэнтры культурнай спадчыны.
Адзіны ў Беларусі помнік літары «Ў» быў усталяваны ў цэнтры Полацку ў 2003 годзе, калі тут праходзіў Дзень беларускага пісьменства. На яго пастамэнце – цытата зь верша Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацку пачаўся сьвет». Сілумінавыя літары гэтых радкоў пашкоджаныя. Нехта лічыць, што тут «пагаспадарылі» вандалы, іншыя – што сілумінавыя літары пацярпелі ад дажджу і сьнегу, а хтосьці вінаваціць дворнікаў, што неахайна чысьцілі помнік. Грамадзкасьць ня раз зьвярталася да мясцовых уладаў з просьбай адрамантаваць помнік, але адказы былі выключна пра тое, што сродкаў на рамонт няма.
Радыё Свабода