Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 18 красавіка разгледзеў адміністрацыйную справу паводле артыкулу 24.4 КаАП (Заведама ілжывыя тлумачэньні або заява) у дачыненьні да Ларысы С., маці начальніка аднаго з РАУС абласнога цэнтру, палкоўніка міліцыі Сяргея С. Жанчына прызнаная вінаватай у дачы ілжывых паказаньняў і аштрафаваная на 10 базавых – 2,1 мільёну рублёў.
З пазоўнай заявай у суд зьвярнулася ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму. Бок пазоўніка ў працэсе прадстаўлялі начальнік МРА ДАІ УУС Віцаблвыканкаму Аляксандар Сьцяпанаў і інспэктар па вышуку батальёну ДПС Сяргей Пракудзенкаў. Адказчыцай выступіла Ларыса С., якая, на думку супрацоўнікаў ДАІ, ілжэсьведчыла падчас разгляду адміністрацыйнай справы за п'янае кіраваньне і стварэньне аварыйнай абстаноўкі ў дачыненьні да яе сына, начальніка РАУС, палкоўніка міліцыі Сяргея С.
У суд у якасьці сьведкаў былі выкліканыя Артур і Аліна, а таксама адна са сьведкаў з боку сям'і С. – Л. Ю., якая займае пасаду галоўнага бухгальтара на буйным віцебскім прадпрыемстве.
– Сяргей і Ларыса С., а таксама Людміла Ю. падчас разгляду справы давалі заведама ілжывыя паказаньні. Гэта пацьвярджаецца запісамі відэакамэр, усталяваных на месцы інцыдэнту, а таксама супярэчнасьцямі ў паказаньнях сына і маці, – распавядаў суду прадстаўнік ДАІ Аляксандар Сьцяпанаў.
Усім удзельнікам адміністрацыйнага працэсу, паведаміў прадстаўнік ДАІ, якія давалі такія супярэчлівыя паказаньні, было прапанавана прайсьці праверку паліграфам – так званым «дэтэктарам хлусьні»: «Артур і Аліна ўдзельнічалі ў апытаньні з выкарыстаньнем паліграфу – прыкмет хлусьні ў іх словах ня выяўлена, сям'я С. адмовілася ад праверкі».
Палкоўнік не адмаўляе таго, што ў момант інцыдэнту ён быў п'яны – агляд паказаў больш за 2 праміле. Паводле яго слоў, выпіў ён таму, што «ў той дзень у сям'і адбылася важная падзея – з радзільні забралі яго пляменьніка». Але Сяргей С. настойвае, што ён знаходзіўся на пасажырскім сядзеньні, а за стырном была ягоная маці.
У ДАІ ўпэўненыя: палкоўнік і яго маці давалі заведама ілжывыя тлумачэньні.
– Стаўкі высокія, – казаў суду Сьцяпанаў. – Маці і не на такое пойдзе дзеля сына. Бо калі пацьвердзіцца, што С. кіраваў аўтамабілем, будучы нецьвярозым, у яго выпадку гэта пацягне ня толькі адміністрацыйную адказнасьць, але і звальненьне з органаў унутраных спраў.
Пэнсіянэрка Ларыса С. у судзе падтрымала свае папярэднія паказаньні – цалкам. У момант інцыдэнту пасьведчаньне кіроўцы ў пэнсіянэркі з сабой адсутнічала, хоць увогуле правы яна мае, стаж ваджэньня – каля 30 гадоў.
Сьведка Людміла Ю. паведаміла, што «яна да машын падыходзіла, але цяпер разумее, што нічога ня памятае і ня бачыла, хто выходзіў з-за стырна».
40-гадовы Сяргей С. і на судзе прытрымліваўся паказаньняў, дадзеных раней: «Я ўпэўнена заяўляю, што менавіта мая маці ў той дзень кіравала машынай».
Палкоўнік міліцыі ў судзе паспрабаваў абвінаваціць маладых людзей – Артура і Аліну – у змове з супрацоўнікамі ДАІ. Судзьдзя была зьдзіўленая.
– Мне здаецца, Я. і Б. былі знаёмыя з супрацоўнікамі ДАІ, якія прыехалі на выклік, – казаў Сяргей Аляксандравіч.
– А вы зь ім не былі знаёмыя? – удакладніла судзьдзя.
– Ведаеце, я 20 гадоў у міліцыі, мабыць, бачыліся недзе...
– Мне здаецца, праверка па маёй справе вядзецца неаб'ектыўна. Пасьля інцыдэнту мяне папрасілі напісаць рапарт пра звальненьне. Я ня стаў гэтага рабіць – і пачаўся прэсінг, – скардзіўся Сяргей С., мабыць, на службовых асоб УУС.
– Сьведчаньні сям'і С. мяняліся на працягу ўсяго адміністрацыйнага працэсу ў залежнасьці ад зьменлівых акалічнасьцяў. Гэта рабілася для таго, каб Сяргей Аляксандравіч мог пазьбегнуць адказнасьці, – упэўнены прадстаўнік ДАІ Сьцяпанаў.
Маці Сяргея С., пэнсіянэрка Ларыса, перад паседжаньнем паведаміла журналістам, што, на яе думку, «працэс у дачыненьні да яе сына вядзецца неаб'ектыўна, на яго чыніцца ціск з боку УУС». У размове з журналістамі жанчына чамусьці называе 19-гадовага Артура Я. «непаўнагадовым шкаляром» і скардзіцца, што «яе зьдзіўляе, чаму Артур і Аліна вырашылі такім чынам зарабіць грошай, выбіваючы ў іх 300 даляраў».
Жанчына прызнаная судом вінаватай у дачы ілжывых паказаньняў і аштрафаваная на 10 базавых – 2,1 мільёну рублёў. Яна зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду.
Нагадаем, увечары 20 лютага на Маскоўскім праспэкце ў Віцебску Артур Я. і яго дзяўчына Аліна Б. затрымалі за рулём Hyundai Sonata п'янага, паводле іх слоў, начальніка РАУС, забралі ў яго ключы запальваньня і выклікалі ДАІ.
Гэтую сытуацыю палкоўнік Сяргей С. і яго маці-пэнсіянэрка Ларыса С. трактуюць па-свойму: нібыта за стырном быў не палкоўнік, а яго мама, а Артур адабраў ключы ад іх аўто, каб заняцца дарожным вымагальніцтвам.
Агляд у ДАІ паказала, што палкоўнік быў моцна п'яны – у яго крыві было больш за 2 праміле алькаголю. Ён часова адхілены ад выкананьня абавязкаў.
Маці палкоўніка зьвярнулася ў СК з просьбай правесьці праверку і распачаць у дачыненьні да Артура крымінальную справу за вымагальніцтва. Сьледчы не знайшоў у ягоных дзеяньнях складу злачынства і праверку спыніў – аднак нядаўна яе аднавілі. У сваю чаргу супрацоўнікі міліцыі шукалі ў дзеяньнях Артура склад правапарушэньня «самаўпраўства» – і, як стала вядома, не знайшлі яго.
tut.by
Фота: Ігар Мацьвееў