У Віцебскай вобласьці за парушэньні прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасьці прыцягнутыя 373 асобы, паведаміла старшы памочнік пракурора вобласьці па наглядзе за выкананьнем прыродаахоўнага заканадаўства Алена Казлова. За 6 месяцаў бягучага году ў гэтай сфэры было арганізавана 96 праверак, па выніках якіх падрыхтавана 309 актаў рэагаваньня, па патрабаваньнях пракурораў кампэнсаваныя матэрыяльныя страты на суму звыш Br80 млн.
У Генэральнай пракуратуры распавялі, за што сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганна Шарэйка была пазбаўленая недатыкальнасьці і ў чым яе падазраюць.
Суд Полацку 18 жніўня адмовіўся разглядаць пазоў супраць ААТ «Полацак-Шкловалакно» аб ліквідацыі дыскрымінацыі ў працоўных адносінах. Заяву ў суд накіроўваў старшыня Свабоднага прафсаюзу рабочых заводу «Шкловалакно» Віктар Стукаў (на фота). Гэта быў паўторны зварот у суд па наноў адкрытых абставінах, аналягічная адмова суду ў судовай абароне была ў сакавіку 2013 году.
Прыхільнікі стварэньня партыі БХД напісалі скаргу ў Міністэрства аховы здароўя наконт “фармальнага і недабрасумленнага выкананьня віцебскімі ўладамі даручэньня Міністэрства аб правядзеньні сустрэчы з зацікаўленымі бакамі наконт пытаньня будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёне Білева, якая мелася адбыцца 30.07.2014г.”.
Некалькі дзясяткаў жыхароў Віцебску падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць зьмене рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску” і ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд для праверкі адпаведнасьці гэтага дакумэнту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Абласны каардынатар руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў атрымаў адказ.
Рабочым аршанскіх электрасетак часам даводзіцца працаваць па 13-16 гадзін на суткі. Аднак адпаведнай аплаты за сваю працу яны так і ня бачаць, як і ня бачаць за гэта дадатковых выходных. Акрамя таго, па надуманых прычынах іх пазбаўляюць прэміяў, не аплачваюць усе працоўныя пуцёўкі і недаплачваюць за перазьменку, якая штодня доўжыцца 30 хвілін.
Эўрапейскі Зьвяз выдаткаваў 300 тысяч эўра на навучаньне беларускіх чыноўнікаў для стварэньня пляну ўстойлівай мабільнасьці ў Полацку. Ужо прайшло некалькі мерапрыемстваў, што фінансуюцца з гэтых сродкаў з удзелам эўрапейскіх экспэртаў: сэмінар для прадстаўнікоў гарадзкіх службаў, круглы стол з удзелам палачан, паседжаньне працоўнай групы праекту.
Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласьці выявіў факты неэфэктыўнага выкарыстаньня прадпрыемствамі рэгіёну дзяржаўнай падтрымкі, у сьпіс парушальнікаў трапіў і ААТ "Мёрскі мясакамбінат". ААТ "Мёрскі мясакамбінат" не па мэтавым прызначэньні (на пагашэньне крэдыту) накіравана Br1,8 млрд, або 16% пазыкаў, дадзеных на папаўненьне ўласных абаротных сродкаў. Апроч таго, неэфэктыўна выкарыстаныя Br4,5 млрд - грошы пайшлі на авансаваньне сельгасарганізацыяў, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасьць.
Больш як на 600 мільёнаў рублёў былі завышаныя аб'ёмы будаўнічых работ на аб'ектах сыстэмы аховы здароўя ў Віцебскай вобласьці. Як паведаміў Камітэт дзяржаўнага кантролю, такая сытуацыя характэрная для будаўніцтва ўсіх сацыяльна значных аб'ектаў.
Сьледчым камітэтам працягваецца расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да службовых асоб адкрытага акцыянэрнага таварыства «Нафтан». Пра гэта паведамілі ў Сьледчым камітэце. У цяперашні час пад вартай знаходзяцца 6 чалавек - 3 службовыя асобы прадпрыемства, уключаючы намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «Нафтан», і тры прадстаўнікі суб'ектаў гаспадараньня прыватнай формы ўласнасьці.