Віцебскі апэратар кабельнага ТБ ААТ «ВОТТЦ "Гарант"» спыніў трансьляцыю ўкраінскага тэлеканалу «Iнтер+». На яго ранейшай частаце цяпер вяшчаецца расейскі забаўляльны канал «Сарафан». У службе тэхнічнай падтрымкі апэратара па нумары «1-34» адключэньне ўкраінскага тэлеканалу пацьвердзілі. Паводле слоў супрацоўніка тэхпадтрымкі канал больш трансьлявацца ня будзе, што, нібыта, зьвязана з тэхнічнымі непаладкамі сыстэмы, якая яго перадае.
У цэху № 201 заводу «Палімір» ААТ «Нафтан» з флянцавага злучэньня помпы адбылася ўцечка воднага раствору ацэтанітрілу, які разьліўся на плошчы 1 квадратны мэтар. Падчас спробы самастойна ліквідаваць цечу атручваньне парамі сінільнай кіслаты (уваходзіць у склад рэчыва) атрымалі сьлесар-рамонтнік і старшы майстар цэху. Абодва шпіталізаваныя.
Як паведамляюць беларускія турапэратары, у айчынных турыстычных кампаніяў узьніклі складанасьці зь пераводам грошай партнэрам за мяжу праз банкі з расейскім капіталам, прадстаўленыя ў Беларусі. Так, на цэлы тыдзень затрыманы даляравы плацёж праз «Белзьнешэканомбанк» у аднаго з буйных беларускіх турапэратараў.
Праяжджаючы праз Глыбокае, журналіст Кастусь Шыталь пабачыў расейскі сьцяг на лабавым шкле аўтобуса. Ён зайшоў у дыспэтчарскую аўтавакзалу і напісаў скаргу ў Кнігу заўваг і прапаноў. Днямі ён атрымаў адказ з аўтапарку, у якім адзначаецца, што з кіроўцам праведзеная тлумачальная гутарка ў сувязі са знаходжаньнем староньніх прадметаў у аўтобусе. Расейскі сьцяг з аўтобуса зьняты.
«Сьледчымі Віцебшчыны скончана 3516 крымінальных спраў, перададзена ў пракуратуру для накіраваньня ў суд 2811 крымінальных спраў», - прывёў статыстыку за першае паўгодзьдзе 2014 году начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Шалухін. Такая інфармацыя прагучала падчас прэсавай канфэрэнцыі, што адбылася ў СК Віцебшчыны.
Сьледчы камітэт паведамляе пра чарговае гучнае затрыманьне топ-мэнэджэраў, уключна з намесьнікам гендырэктара ААТ «Нафтан» і шэрагам кіраўнікоў прадпрыемстваў рэальнага сэктару эканомікі. Супрацоўнікі «Нафтана» ананімна апавялі Радыё Свабода, што затрыманы намесьнік генэральнага дырэктара па матэрыяльным і тэхнічным забесьпячэньні Сяргей Карась і тры ягоныя падначаленыя. Сярод іншага, затрыманыя асобы адказвалі за правядзеньне тэндэраў.
Пытаньне закрыцьця пасутачнай арэнды жытла, якое яшчэ нядаўна гучала толькі для сталіцы, наўпрост закрануў рэгіёны. Так, спэцыялістам КУП «Воршакамгас» было даручана ўзмацніць кантроль за выкарыстаньнем жылых памяшканьняў. У выніку, прадпрымальнікам прапануюць два варыянты: альбо пераводзіць жытло ў нежылы фонд, альбо проста адмовіцца ад бізнэсу.
Віктар Стукаў, кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага, хацеў наведаць цэхі № 7 і № 12 ААТ «Шкловалакно», каб спраўдзіць скаргі працаўнікоў на ўмовы працы. Але варта было папярэдзіць пра свой візыт генэральнага дырэктара, як уваход на прадпрыемства яму пэрсанальна забаранілі.
Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў шматлікія парушэньні падчас рэстаўрацыі Сафійскага сабору ў Полацку. Яны абышліся бюджэту ў больш як 650 мільёнаў рублёў. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў праваахоўныя органы для дачы прававой ацэнкі.