У Полацку прайшоў пакуль адзіны пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдата ў мясцовы савет дэпутатаў. Подпісы зьбіраліся за старшыню Свабоднага прафсаюзу заводу «Шкловалакно» Віктара Стукава. Пікет быў арганізаваны пры падтрымцы работнікаў заводу і заводзкай пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу. Ладзілася мерапрыемства 5 лютага ў 17 гадзін у сквэры на праспэкце Францішка Скарыны каля капліцы памяці палачан, якія загінулі ў Афганістане.
На пікеце стаяў стэнд з інфармацыяй пра кандыдата ў дэпутаты, а ўдзельнікі трымалі сьцяг Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прыйшлі на пікет і прадстаўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы. Прычым яны зьявіліся раней за ўсіх, не прадстаўляліся, але іх адразу можна было вызначыць па характэрных пытаньнях, якія яны задавалі. Маладых людзей у цывільным адзеньні цікавіла прычына правядзеньня масавага мерапрыемства, якая праграма у кандыдата, якое дачыненьне да пікету мае сьцяг Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ).
Аднаго зь цікаўных грамадзян ўсё ж такі вымусілі прадставіцца, і ён неахвотна паказаў пасьведчаньне міліцыянта, назваўшыся начальнікам службы грамадзкай бясьпекі, прозьвішча яго актывісты не запомнілі. Міліцыя атрымала адказы ад кандыдата ў дэпутаты на ўсе іх пытаньні. Ва ўдзельнікаў пікету былі ўсе дакумэнты, якія сьведчылі пра законнасьць імпрэзы: выпіскі з выбарчага кодэксу, пасьведчаньні сяброў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў, пасьведчаньне аб рэгістрацыі Свабоднага прафсаюзу і сьцягу СПБ. Не знайшоўшы парушэньняў, міліцыянты падчас пікету хадзіла кругом і навокал. Балазе, яны былі ў цывільнай вопратцы і таму не палохалі грамадзян.
Удзельнікі пікету зьвярталіся да мінакоў з прапановай падпісацца за вылучэньне кандыдата ў дэпутаты. Некаторыя спыняліся, распытвалі пра кандыдата і распавядалі пра свае праблемы. Частка грамадзян выказвала нэгатыўнае стаўленьне да саміх выбараў: маўляў, гэтыя выбары нічога добрага не прыносяць. Пікет працягваўся менш за гадзіну і прайшоў безь якіх-небудзь праблем. Падчас мерапрыемства ўдалося сабраць усяго пару подпісаў: грамадзяне, што праходзілі, альбо жывуць на іншым выбарчым участку, альбо не мелі з сабой пашпартоў.
Тым часам, у полацкую выбарчую камісію на 4 лютага паступілі ўжо дакумэнты з сабранымі подпісамі ад 36 ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатаў у полацкі раённы савет. Усяго на сорак дэпутацкіх месцаў пакуль прэтэндуюць сорак чатыры кандыдаты. Інакш кажучы, толькі на чатырох участках для галасаваньня мяркуецца па два кандыдаты ў дэпутаты, астатнія ўчасткі безальтэрнатыўныя. Ініцыятыўныя групы сабралі за сваіх кандыдатаў ад 90 да 160 подпісаў, пры норме паводле закону ня менш за 75. Апошні дзень рэгістрацыі подпісаў 10 лютага.