7 сьнежня кіраўніца аддзелу ЖКГ Віцебскага раёну Кацярына Воінава склала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні грамадзянінам Янам Дзяржаўцавым. Паводле пратаколу, актывіст парушыў правілы пахаваньня чалавечых парэшткаў, бо зьдзейсьніў пахаваньне ў месцы, не прызначаным для гэтага. Цяпер яго чакае суд.
Артыкул 23.43 КаАП, у парушэньні якога абвінавацілі кіраўніка грамадзянскай ініцыятывы “Хайсы”, прадугледжвае штраф у памеры ад пяці да дзесяці базавых велічыняў.
Нагодай для пачатку адміністрацыйнай справы супраць Яна Дзяржаўцава стала пісьмовае паведамленьне старшыні Мазалаўскага сельскага выканкаму Леаніда Дубіны ў Віцебскі райвыканкам. Спадар Дубіна паведаміў, што 9 лістапада на праваабарончым сайце “Віцебская вясна” ён прагледзеў відэаматэрыял, які паказвае працэс “самавольнага пахаваньня касцявых чалавечых парэшткаў у лясным масіве ля вёскі Хайсы” ў месцы, не прадугледжаным для гэткіх мэтаў заканадаўствам. Дзеля спраўджаньня інфармацыі кіраўнік сельскага выканкаму выяжджаў у лясны масіў, пасьля чаго і зьвярнуўся да раённай адміністрацыі з просьбай скласьці на грамадзяніна Яна Дзяржаўцава пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.
Падзея, пра якую паведаміў раённым уладам Леанід Дубіна, адбылася 9 лістапада. Амаль месяц спатрэбілася, каб вызначыцца з контрмерамі. Аднак назваць іх канструктыўнымі не паварочваецца язык. Бо выходзіць: няхай лепш чалавечыя косткі валяюцца вакол раскапаных чорнымі капальнікамі ямінаў, чым будуць пахаваныя па-людзку ў тую зямлю, адкуль іх вынялі сапраўдныя парушальнікі закону, якіх ўлады нават не спрабуюць знайсьці.
Нягледзячы на тое, што адміністрацыйны працэс быў адкрытым, да ўдзелу ў ім не былі дапушчаныя прадстаўнікі грамадзкасьці. Гэты факт быў адзначаны Янам Дзяржаўцавым у складзеным пратаколе. У якасьці прадстаўніка і абаронцы абвінавачанага ў правапарушэньні падчас складаньня пратаколу прысутнічаў яго сын, дыплямаваны юрыст Аляксандар Дзяржаўцаў.
Па складаньні пратаколу Яну Дзяржаўцаву было ўручанае прадпісаньне зьявіцца 12 сьнежня ў суд Віцебскага раёну.
С. Горкі