З 6 па 8 студзеня ў Віцебску Чырвоны Крыж арганізаваў працу пунктаў абагрэву для маючых патрэбу асобаў, жыхароў і гасцей гораду.
У мабільных пунктах абагрэву, якія працавалі на плошчы Перамогі і ў раёне Смаленскага рынку, кожны ахвотны мог сагрэцца ў намётах і пры дапамозе гарачай гарбаты. Валянтэры арганізацыі працавалі цягам трох дзён з 10 да 18 гадзінаў. Рашэньне пра працу пунктаў абагрэву было зьвязанае з рэзкім паніжэньнем тэмпэратуры паветра і узрослай магчымасьцю абмаражэньня.
Сярод валянтэраў працавалі і студэнты мясцовага мэдычнага ўнівэрсытэту, якія знаёмілі грамадзянаў з правіламі паводзінаў ва ўмовах крытычных тэмпэратураў. Акрамя таго, па меры неабходнасьці яны змаглі б дапамагчы і зь першай мэдычнай дапамогай. Сярод будучых лекараў досыць экзатычна глядзеліся студэнты з субэкватарыяльнай Шры-Ланкі, якія не спужаліся беларускіх маразоў.
Побач з намётам Чырвонага Крыжа паставілі свой намёт і вайскоўцы. Ва ўмовах моцных маразоў, якія асабліва лютавалі на Куцьцю і Каляды, з магчымасьці сагрэцца з задавальненьнем скарысталіся і выпадковыя мінакі, і наведвальнікі гарадзкой коўзанкі, і гуляшчая публіка.
За тры дні з паслугаў пункту абагрэву, разьмешчанага на цэнтральнай плошчы гораду, скарысталіся некалькі сотняў віцебчукоў.
І калі ў панядзелак на плошчы Перамогі пункт абагрэву ўжо не функцыянаваў, то ў раёне Смаленскага рынку, паводле папярэдніх дадзеных, кожныы ахвотны зможа сагрэцца яшчэ цягам цэлага тыдня.
С. Горкі