У Кастрычніцкім раённым судзе гораду Віцебску 14 сьнежня слухалася справа Жаляпава Хрыстафора Савельевіча, мясцовага актывіста руху «За свабоду» і сябра партыі БНФ. Яго абвінавачвалі паводле часткі 1 артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу ў тым, што ён нібыта арганізаваў несанкцыянаваны пікет і хадзіў зь бел-чырвона-белым сьцягам каля помніка Караткевічу, чым выказваў свае грамадзка-палітычныя погляды і інтарэсы.
На суд быў запрошаны перакладчык зь беларускай на расейскую Зіманскі Вадзім Эльдаравіч, дацэнт катэдры ВДУ з 26-гадовым стажам працы. Прычым сам Жаляпаў заявіў, што перакладчык яму не патрэбен, бо ён будзе размаўляць па-расейску. Пра тое, што разумеюць расейскую мову, сказалі і беларускамоўныя сьведкі. На гэта судзьдзя Царыкаў Уладзімер Міхайлавіч, які вёў працэс, абвясьціў, што перакладчык патрэбен яму, бо ён можа нешта не зразумець на беларускай мове.
На судовым паседжаньні прысутнічала каля 20 чалавек. Падтрымаць свайго сябра і аднадумца прыйшлі грамадзкія і палітычныя актывісты гораду, прадстаўнікі партыі БНФ, БХД, руху «За свабоду».
На пачатку паседжаньня судзьдзя спытаў Хрыстафора Жаляпава, ці прызнае ён сябе вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету. На што атрымаў адмоўны адказ.
Тацяна Севярынец і Алена Шабуня, якія выступалі ў якасьці сьведак, заявілі, што мерапрыемства не зьяўлялася пікетам, а прыйшлі яны туды, каб ускласьці кветкі да помніка Караткевічу, аддаючы такім чынам даніну павагі вялікаму беларускаму пісьменьніку, і проста пагутарыць.
З боку абвінавачаньня быў выкліканы ў якасьці сьведкі капітан міліцыі Сяргей Вяракса, які склаў пратакол і даў ход гэтай справе. Ён заявіў, што ня ведае, пра што казаў Хрыстафор і што рабіў, бо сядзеў у сваёй машыне і блізка не падыходзіў. Але ведае, што гэта дакладна быў несанкцыянаваны пікет. І што яго арганізаваў Жаляпаў.
Сам жа Хрыстафор Жаляпаў задаў яму пытаньні: «Ці з'яўляецца ўскладаньне кветак да помніка масавым мерапрыемствам?» і «Чаму Вы не падышлі і не папярэдзілі ўдзельнікаў, што, на Вашу думку, яны ўдзельнічаюць у несанкцыянаванай акцыі, як гэта звычайна бывае ў такіх выпадках?». На гэтыя пытаньні спадар Вяракса не знайшоў, што адказаць, а толькі з усьмешкай глядзеў на судзьдзю: маўляў, навошта яшчэ адказваць, калі і так усё зразумела.
Перад вынясеньнем судзьдзём вэрдыкту ў сваім заключным слове Хрыстафор Жаляпаў сказаў: "За што мяне судзяць? За сьцяг. Хто мне пакажа, дзе напісана, што нельга хадзіць са сьцягам? У пратаколе напісана, што я арганізаваў пікет з мэтай выказваньня сваіх грамадзка-палітычных поглядаў. Я ж прыйшоў са сьцягам, каб такім чынам выказаць сваю любоў і павагу да беларускай гісторыі, беларускай культуры, беларускай мовы, бо менавіта з гэтым у мяне атаясамліваецца бел-чырвона-белы сьцяг. Таму я лічу гэтую справу палітычнай».
Падчас заключнай прамовы Хрыстафора сьведка-міліцыянт Вяракса нешта выкрыкваў з месца, чым перашкаджаў суду і выказваў непавагу да яго, за што атрымаў заўвагу судзьдзі. Здаецца, наша міліцыя не паважае ня толькі грамадзян і іх правы, але і беларускі суд.
Нягледзячы на абсурднасьць складзенага пратаколу, адсутнасьць сьведак, якія падтрымалі б абвінавачаньне (акрамя міліцыянта, што склаў пратакол, нікога не было), і непавагу да суду міліцыянта Вяраксы, суд вынес прадказальнае рашэньне: Хрыстафор Жаляпаў быў прызнаны вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага пікету. Але штрафу як спагнаньня не было, а было вынесенае толькі папярэджанне. Усё ж такі ў Беларусі цяпер «адліга» і паляпшэньне стасункаў з Эўропай. Прынамсі, так кажуць.
Уладзімер Бяляўскі