Два гады таму ініцыятарам акцыі выступіў жыхар Петразаводзку (Расея) Сяргей Чарняўскі, які прапанаваў змагацца з забруджваньнем паветра праз пасадку дрэваў. Гэту ідэю падхапілі ў розных краінах.
Удзел у акцыі ўзялі больш за 100 гарадоў Расеі, Беларусі і Ўкраіны. Такім чынам людзі імкнуцца яшчэ раз акцэнтаваць увагу на праблемах экалёгіі. Вясной і восеньню на ўласных падворках і тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў актывісты высаджваюць саджанцы кедра, туі і лістоўніцы, бо менавіта яны выдзяляюць больш за іншыя расьліны карысных для арганізму фітанцыдаў.
У Браславе арганізатарамі акцыі сталі Канстантын і Яўгенія Далецкія. Празь сеціва брат і сястра запрасілі жыхароў раёну аб’яднацца і набыць маладыя дрэўцы. На прапанову адгукнуліся многія. У выходныя агульнымі намаганьнямі яны высадзілі каля 300 саджанцаў кедра і туі, а таксама падарылі іх сельсаветам, дзіцячым садкам і школам.
Увесну будучага году, спадзяюцца Далецкія, акцыя набудзе больш шырокі маштаб.
vitvesti.by