Мерапрыемства арганізавала дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас” пры парафіі Сьвятой Тройцы. 22 кастрычніка сабраліся людзі з абмежаванымі магчымасьцямі, іх бацькі, апекуны, сацыяльныя работнікі як з Глыбокага, так і з усёй Віцебскай вобласьці (Шаркоўшчына, Ушачы, Лепель, Паставы, Мёры, Браслаў, Луначарскае, Петрунова).
Паводле слоў кіраўніка парафіяльнага “Карытас” у Глыбокім Генадзя Бервячонка, мэта акцыі – зьвярнуць увагу грамадзтва на праблемы людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. У нашай краіне прысутнічае яшчэ тэндэнцыя, якая дасталася нам у спадчыну ад савецкіх часоў, калі інвалідаў хавалі ад грамадзтва, таму людзі іх не заўважаюць, і ў грамадзтве прысутнічае некаторая абыякавасьць да праблем гэтых людзей.
Распачалася акцыя ў касьцёле Сьвятой Тройцы. Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч. Прысутныя разам прачыталі малітву “Ойча наш” і рушылі ў гарадзкі Дом культуры, дзе і прайшла асноўная частка праграмы.
У круглай залі Дому культуры для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі быў падрыхтаваны салодкі стол. Пасьля таго, як госьці падсілкаваліся, валянтэры “Карытас” распачалі забаўляльную праграму. Удзельнікаў чакалі гульні, конкурсы, танцы. А бацькі, апекуны, сьвятары, сацыяльныя работнікі сабраліся ў гэты час на круглы стол, дзе абмеркавалі праблемы, зь якімі сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасьцямі ў нашым грамадзтве, і шляхі іх вырашэньня.
Адметнасьцю сёлетняй акцыі стала прысутнасьць на ёй гасьцей з Францыі. Яны патрапілі на мерапрыемства выпадкова, бо якраз у гэты час прывезьлі гуманітарную дапамогу ад “Карытас” з Францыі для глыбоцкага Цэнтру тэрытарыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, тым ня менш яны былі вельмі задаволеныя тым, што змаглі ў ім паўдзельнічаць.
Як адзначыў госьць з Францыі П’ер Тупэн, яны вельмі ўзрушаныя цеплынёй, зь якой іх сустрэлі, ім прыемна, што тая дапамога, якую яны прывезьлі, будзе карысная для людзей зь Беларусі. Гэтая дапамога ня будзе разавай, яны зьбіраюцца і надалей супрацоўнічаць зь Беларусьсю.
Ксёндз Мікалай Ціхановіч зьвярнуў увагу на тое, што грамадзтва павінна больш уважліва ставіцца да праблем і патрэб людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, бо інвалідам можа стаць кожны з нас. Ён адзначыў, што нашы ўлады робяць пэўныя крокі ў гэтым накірунку, але ня трэба спыняцца на дасягнутым.
Сацыяльныя пэдагогі зьвярнулі ўвагу прысутных на такую праблему як адсутнасьць у пэўнай часткі грамадзтва разуменьня таго, што інваліды павінны быць інтэграваныя ў грамадзтва. Часта настаўнікі і бацькі выступаюць супраць таго, каб здаровыя дзеці вучыліся разам зь дзецьмі-інвалідамі. А гэта няправільна, бо такія дзеці павінны адчуваць сябе часткай грамадзтва. Такія кантакты карысныя і для здаровых дзяцей, бо яны вучацца ўспрымаць інвалідаў як частку грамадзтва, больш разумець іх патрэбы.
Пасьля абеду, які прайшоў у сталоўцы сярэдняй школы №2, удзельнікаў мерапрыемства чакаў канцэрт, падрыхтаваны як супрацоўнікамі аддзелу культуры, так і самімі людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі.
Зьміцер Лупач, catholicnews.by
Фота: Марына Сінкевіч