Як павялічыць продажы, выйсьці на новыя рынкі збыту, прыцягнуць кліентаў? На гэтыя і многія іншыя пытаньні атрымалі адказ удзельнікі сэмінару-практыкуму. Для прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу яго арганізавалі камітэт эканомікі Віцебскага аблвыканкаму і райвыканкам, а правялі спэцыялісты інкубатара малога прадпрымальніцтва ТАА Прававая група «Закон і Парадак».
Як адзначыў на пачатку сустрэчы намесьнік старшыні райвыканкаму Віктар Дарожкін, у Віцебскім раёне дзель малога і сярэдняга бізнэсу досыць вялікая. На сёньня 42 прадпрыемствы, разьмешчаныя на яго тэрыторыі, займаюцца экспартам прадукцыі. Таму для вытворцаў пытаньне рэалізацыі тавару стаіць на першым месцы. Нягледзячы на некаторыя складанасьці, многія прадстаўнікі бізнэсу ня толькі захавалі свае пазыцыі на мясцовым рынку, але пасьпяхова рухаюцца наперад. Разам з тым запасы на складох усё яшчэ ёсьць. Віктар Васільевіч падкрэсьліў, што веды і зьвесткі, атрыманыя падчас гэтага сэмінару, мабыць, дапамогуць прадпрыемствам павялічыць продажы.
Пачаць працаваць па-сучаснаму, выкарыстоўваючы відэаролікі, блогі, сацыяльныя сеткі, e-mail рассылкі і іншыя магчымасьці інтэрнэт-прасторы заклікаў удзельнікаў сустрэчы дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва Прававой групы «Закон і Парадак» Міхаіл Кейзераў:
«Сучасны сьвет перапоўнены таварам. Праз крызыс перавытворчасьці складаней становіцца працаваць, бо штодня зьяўляюцца дзясяткі, сотні вытворцаў прыкладна з аднолькавым таварам. Трэба перабудавацца і знайсьці новыя мэтады продажаў», – дадаў Міхаіл Томавіч.
Пра тое, хто і як можа скарыстацца зь дзяржпадтрымкі дзеля рэалізацыі інавацыйных праектаў, распавяла начальніца аддзелу інвэстыцыяў і інавацыяў аблвыканкаму Вольга Мядзьведзкая. Так, для атрыманьня фінансаваньня зь мясцовага інвэстыцыйнага фонду праект павінен мець тры складнікі: інавацыйнасьць, дасягненьне ўзроўню дададзенага кошту не ніжэйшага за ўзровень ЭЗ, перавышэньне экспарту над імпартам.
Задач, якія ставілі перад сабой арганізатары трэнінгу, было некалькі. Сярод іх – дэманстрацыя мэтодыкаў, што паказваюць, як можна хутка і эфэктыўна дамагчыся вынікаў у арганізацыі і кіраваньні продажамі, абмен досьведам у пабудове сыстэмы прыцягненьня кліентаў і фармаваньне бізнэс-працэсаў для атрыманьня прыбытку.
Мабыць, для кагосьці з прысутных гэтая інфармацыя стане цікавай і карыснай, а яе практычнае прымяненьне прынясе рэальныя даходы.
Алена Чаплева, pridvinje.by
Фота аўтара