Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі №14 ў Навасадах, атрымаў адказ на наглядную скаргу, якую на пачатку жніўня накіраваў у Вярхоўны суд.
У скарзе Міхаіл Жамчужны паведамляў, што ў дачыненьні да яго меў месца не «працягваемы» апэратыўны экспэрымэнт, а паўторны, а крымінальная справа супраць яго была распачатая больш як праз год пасьля зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў. Такім чынам, праваахоўныя органы штучна стваралі ўмовы, якія правакавалі яго на паўторнае зьдзяйсьненьне аналягічных дзеяньняў, каб атрымаць доказы зьдзяйсьненьня ім больш цяжкіх злачынстваў.
У адказе на скаргу палітвязьня намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч адзначыў, што прысуд Міхаілу Жамчужнаму вынесены ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Суд касацыйнай інстанцыі дасканала праверыў довады скаргі асуджанага і дадаткі да яе і ў выніку згадзіўся з вынесеным прысудам.
Таксама стала вядома, што заснавальнік праваабарончай установы «Платформ інавэйшан» пераведзены ў іншы атрад папраўчай калёніі. І ўжо на новым месцы Жамчужны атрымаў першае папярэджаньне – за тое, што ў яго нібыта была брудная тумбачка. Калі ён зьдзейсьніць яшчэ адно парушэньне, то будзе лічыцца злосным парушальнікам. З гэтай нагоды Міхаіл Жамчужны накіраваў скаргу на дзеяньні адміністрацыі калёніі.
Нагадаем, у ліпені 2015 году Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш суворае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаваньні зьвестак, што складаюць службовую таямніцу, і ў незаконным набыцьці сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, што зьяўляецца службовай таямніцай.
У аснову абвінавачаньня леглі наступныя дзеяньні Міхаіла Жамчужнага: на працягу 2013-2014 гадоў, атрымаўшы згоду супрацоўніка органаў унутраных спраў (старшага інспэктара – дзяжурнага мэдычнага выцьвярэзьніку УУС Віцебскага аблвыканкаму), Жамчужны М.І. атрымліваў службовыя дакумэнты з інфармацыяй, якая, на ягоную думку, уяўляла грамадзкі інтарэс – зьвесткі пра распачатыя крымінальныя справы ў дачыненьні да службовых асоб, зводка за 2012 і 2013 гады пра здарэньні з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спэцданясеньне па факце раптоўнай сьмерці грамадзяніна Кудзелкі ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму, загад МУС «Аб асобных аспэктах працы з кадрамі ў МУС». Гэтыя дакумэнты перадаваліся Жамчужным у праваабарончую ўстанову «Пляцформа».
spring96.org