Акруговая выбарчая камісія (АВК) Лепельскай выбарчай акругі №23 прыняла рашэньне аб вынясеньні папярэджаньня кандыдату за нібыта парушэньне ім выбарчага кодэксу. Каб зьявілася падстава для такога рашэньня, чальцы камісіі «дапоўнілі» кодэкс, а дакладней яго артыкул 77, уласным тэкстам.
Ягор Левачоў з рашэньнем АВК ня згодзен і абскардзіў яго ў Віцебскую абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію.
Артыкул 77 выбарчага кодэксу патрабуе ад кандыдатаў ісьці ў неаплатны адпачынак на час выбарчай кампаніі: «Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (акрамя Старшыні Палаты прадстаўнікоў) вызваляюцца ад выкананьня працоўных (службовых) абавязкаў з дня рэгістрацыі да дня выбараў без захаваньня заработнай платы. Падставай для такога вызваленьня зьяўляецца рашэньне адпаведнай камісіі аб рэгістрацыі кандыдатам і заява кандыдата наймальніку пра даваньне яму адпачынку без захаваньня заработнай платы для ўдзелу ў перадвыбарных мерапрыемствах».
Адразу пасьля рэгістрацыі кандыдатам Ягор Левачоў зрабіў усё ў адпаведнасьці з працытаваным палажэньнем кодэксу: падаў неабходную заяву ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтар «Зубраня», дзе працуе, а пацьверджаньне таго, што сапраўды пайшоў у адпачынак на час агітацыйнай кампаніі, – запіску аб адпачынку, падпісаную інспэктарам па кадрах (электронную копію дакумэнту) – перадаў у АВК.
Аднак чальцоў камісіі гэта не задаволіла. Таго, што напісана ў выбарчым кодэксе, ім падалося мала, і ў рашэньні пра папярэджаньне апазыцыйнага кандыдата яны, спаслаўшыся на згаданы артыкул, адзначылі: «Вызваленьне кандыдата ў дэпутаты ад выкананьня працоўных (службовых) абавязкаў афармляецца загадам наймальніка. Копію загаду наймальніка пра даваньне адпачынку кандыдат у дэпутаты падае ў акруговую камісію на наступны дзень пасьля выданьня наймальнікам адпаведнага загаду».
Хаця нічога такога няма ні ў 77-м, ні ў якім іншым артыкуле выбарчага кодэксу, гэта не перашкодзіла АВК паведаміць кандыдату, якому цяпер пагражае зьняцьце з выбарчай гонкі: «Невыкананьне гэтага патрабаваньня зьяўляецца парушэньнем выбарчага заканадаўства».
Што да дакумэнту аб адпачынку, якую Ягор Левачоў падаў у АВК, згодна з рашэньнем камісіі «пададзены дакумэнт ня ў поўнай меры адпавядае Інструкцыі па справаводзтве ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, зацьверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2009 г. №4, Закону Рэспублікі Беларусь ад 28 сьнежня 2009 г. №113-З "Аб электронным дакумэнце і электронным лічбавым подпісе"».
Што значыць: «ня ў поўнай меры», як канкрэтна былі парушаныя названыя інструкцыя і закон, ці ёсьць у гэтых парушэньнях, калі яны ўсё ж былі, якая-небудзь віна кандыдата Левачова (бо ж ня ён сам афармляў дакумэнт аб адпачынку, а спэцыяліст аддзелу кадраў) – адказаў на гэтыя пытаньні ў рашэньні АВК няма.
З дакумэнту, складзенага Лепельскай АВК, зусім не відаць, што кандыдат ад «Гавары праўду» нешта парушыў, а калі парушэньне нейкіх інструкцыяў і мела месца, то яно было зьдзейсьненае ня ім, а яго наймальнікам, Тым ня менш сябры АВК сьцьвярджаюць, што, прымаючы рашэньне наконт Ягора Левачова, кіраваліся выбарчым заканадаўствам.
А рашэньне – ня толькі «папярэдзіць кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Лепельскай выбарчай акрузе №23 Левачова Я.В. за парушэньне патрабаваньняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь падчас правядзеньня перадвыбарных мерапрыемстваў», але і «ў выпадку паўторнага парушэньня патрабаваньняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах скасаваць рашэньне аб рэгістрацыі яго кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў». Інакш кажучы, паўторнага парушэньня, нават паводле вэрсіі АВК, яшчэ няма, а рашэньне аб скасаваньні рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, калі нешта будзе парушана, ужо ёсьць.
Зрэшты, гэта досыць мяккае рашэньне: раней АВК накіравала Левачову ліст з папярэджаньнем, што калі ён не падасьць у камісію арыгінал дакумэнту пра адпачынак, камісія разгледзіць пытаньне пра скасаваньне рэгістрацыі – то бок хапіла б толькі адной зачэпкі, якую камісія назвала парушэньнем выбарчага кодэксу, а не дзьвюх, як цяпер. Хаця з уменьнем Лепельскай АВК бачыць у Выбарчым кодэксе тыя нормы, якіх у ім няма, можна не сумнявацца, што, калі трэба, «паўторнае парушэньне» будзе.