Віцебскі аблвыканкам прызнаў немэтазгодным далейшае дасудовае аздараўленьне даўжнікоў. Прадпрыемствы самі падалі ў суд пра прызнаньне іх банкрутамі.
Віцебскі суд пачаў вытворчасьць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасьці Полацкага вінаробнага заводу і Падсьвільскага вінзаводу (Глыбоцкі раён), паведамляе прэс-служба суду. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у "Віцебскхарчпрам", спэцыялізуюцца на выпуску пладова-ягадных вінаў. На іх занята 120 (Полацкі завод) і 179 (Падсьвільскі завод) чалавек.
На момант падачы заявы ў суд крэдыторская запазычанасьць Полацкага вінзаводу складала амаль 96 мільярдаў рублёў, прадпрыемства з Падсьвільля – больш за 109 мільярдаў, пры гэтым у абодвух выпадках забавязаньні вытворцаў перавышаюць кошт іх актываў.
Неплацежаздольнасьць арганізацыяў пацьвярджаецца папярэднімі высновамі дэпартамэнту па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі Беларусі.
У дачыненьні да даўжнікоў вызначаны ахоўны пэрыяд на 3 месяцы. Часовыя кіраўнікі на прадпрыемствах павінны забясьпечыць цягам абароннага пэрыяду захаванасьць маёмасьці.
ej.by