Пасьля рэгістрацыі ЦВК ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за старшыню партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, старшыня абласной арганізацыі Мікалай Селівашка ўзначаліў у Віцебскай вобласьці каардынацыйную і практычную частку гэтай працы.
Колькасьць сяброў ініцыятыўнай групы ў паўночным рэгіёне Беларусі сягае блізу трохсот асобаў (з 1500 – па краіне). Паводле слоў спадара Селівашкі, чальцамі ініцыятыўнай групы сталі ня толькі прадстаўнікі партыі, але і людзі, якім блізкія яе ідэі і прынцыпы, і тыя, хто прагне палітычных зьменаў у краіне.
Мікалай Іванавіч, Вас не турбуе, што, як сьцьвярджае палітоляг Валер Карбалевіч, які абапіраецца на практыку ранейшых кампаніяў, ініцыятыўная група колькасьцю менш за тры тысячы чалавек можа не сабраць запаветныя сто тысяч подпісаў выбарнікаў?
У гэтым пытаньні я ня згодны з Карбалевічам. Колькасьць групы можа ўплываць хіба што на хуткасьць збору. Таму, нягледзячы на прагнозы Валера, ў мяне чамусьці ёсьць поўная ўпэўненасьць, што неабходную колькасьць галасоў мы абавязкова зьбяром. Зыходзячы з нашай папярэдняй практыкі, магу адзначыць: былі прыклады, калі адзін зборшчык здаваў урэшце па 800-900 подпісаў.
Якую колькасьць подпісаў плянуюць сабраць сябры вашай партыі ў Віцебскім рэгіёне?
Казаць зараз пра канкрэтныя лічбы досыць цяжка. Рэальную актыўнасьць пакажуць зносіны з выбарцамі. Стане бачна: альбо людзі хочуць перамен, альбо падзеі ва Ўкраіне будуць ускосна ўплываць на іхную актыўнасьць. Мае асабістыя зносіны з рознымі людзьмі, а я маю шмат знаёмых на прадпрыемствах гораду, здаецца, сьведчыць, што грамадзтва прагне перамен. Праўда, калі прапаноўваеш людзям паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, натыкаесься на сьцяну насьцярожанасьці ці нежаданьня. Чакаюць, калі нехта за іх усё зробіць. Дарэчы, хачу адзначыць, што збор подпісаў будзе праводзіцца ў нас выключна на валянтэрскіх асновах, грошай за гэтую працу плаціць мы ня будзем.
Скажыце, з Вашых уласных назіраньняў, ці ўлада зацікаўленая, каб хаця б у нейкай ступені выбары былі празрыстымі?
Я быў на паседжаньні аблвыканкаму і, мяркуючы ўжо па тым, што ніводнага прадстаўніка ад нашай партыі не ўключылі ў тэрытарыяльныя камісіі, можна казаць, што ўлада ня хоча супрацоўнічаць з апазыцыйнымі партыямі. Таму казаць пра сумленныя і празрыстыя выбары не выпадае.
Ці ведаеце вы, якая на сёньняшні дзень электаральная падтрымка вашай партыі?
Усё залежыць ад таго, хто праводзіць апытаньні. Розныя крыніцы падаюць розныя вынікі. У сярэднім недзе ад шасьці да дванаццаці адсоткаў.
Патлумачце, што адрозьнівае Сяргея Калякіна ад Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Гайдукевіча? Для многіх іхныя палітычныя перакананьні падаюцца даволі блізкімі.
Што тычыцца Гайдукевіча, дык, на маю думку, ён выступае як відавочны спарынг-партнэр Лукашэнкі, які ў неабходны момант мусіць зьняцца на карысьць асноўнага кандыдата. А вось Лукашэнка, як тыповы папуліст, у залежнасьці ад сытуацыі вельмі ўдала скарыстоўвае набыткі іншых, у тым ліку і нашы партыйныя ідэі, хаця гэта ня значыць, што ён іх падзяляе і прытрымліваецца. Адгэтуль у людзей недасьведчаных і ўзьнікае атаясамленьне перакананьняў Калякіна і Лукашэнкі.
Як вы расцэньваеце ўдзел вашай партыі ў сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі? Чаго вы мяркуеце дасягнуць?
Мы расцэньваем гэтую кампанію хутчэй ня як выбарчую, а як палітычную, бо ва ўмовах кампаніі мы будзем мець больш легальных магчымасьцяў для папулярызацыі нашай партыі і яе ідэяў. Наша задача: нагадаць людзям, што ёсьць такая партыя - «Справядлівы сьвет», бо тое замоўчваньне, якое існуе ў афіцыйнай інфармацыйнай прасторы, трэба разбураць. Той факт, што у нашым выбарчым заканадаўстве адсутнічае магчымасьць вылучаць кандыдатаў у парлямэнт па партыйных сьпісах, нельга лічыць цывілізаванай нормай, бо гэта вядзе да маргіналізацыі нацыянальнай партыйнай сыстэмы і палітычнага жыцьця як такога. Даходзіць да абсурду: каго ўлады заплянавалі за два гады да парлямэнцкіх выбараў, тыя і прайшлі. Таму мы паспрабуем давесьці людзям, што наша партыя здольная абараняць інтарэсы беларускіх грамадзян нічым ня горш за сёньняшнюю ўладу. І калі мы зьбяром за адведзены час неабходную колькасьць подпісаў, то гэта будзе азначаць, што частка людзей паверылі нам. Напалеонаўскіх плянаў мы перад сабой ня ставім, бо разумеем, што як такіх выбараў у Беларусі ня будзе, будзе чарговае шоў пад назвай "Выбары прэзыдэнта"».
Віцебская вясна