Выконваючая абавязкі старшыні Мазалаўскага сельскага выканаўчага камітэту Кацярына Каралёва шукае сустрэчы з апазыцыйнымі актывістамі, якія пры канцы красавіка паведамілі ў прэсе пра новыя знаходкі чалавечых парэшткаў з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці ў лесе ў ваколіцах вёскі Хайсы Віцебскага раёну.
Прычынай адпраўкі апазыцыянэрам апавяшчэньняў зьявіцца ў сельскі выканкам сталі матэрыялы, атрыманыя ім са Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь. Пры сустрэчы з актывістамі ўлады маюць намер высьветліць абставіны зьдзяйсьненьня імі несанкцыянаваных раскопак у месцах меркаваных масавых пакараньняў грамадзян падчас сталінскіх рэпрэсіяў у 30-х-50-х гадох мінулага стагодзьдзя.
Апазыцыянэры абгрунтавана лічаць, што іх хочуць пакараць за тое, што яны настойліва патрабуюць ад уладаў правядзеньня сьледзтва, каб высьветліць прычыны гібелі людзей у лесе і хто ў гэтай гібелі вінаваты.
У адміністрацыйным кодэксе маецца артыкул 21.15, у якім гаворыцца пра парушэньне парадку правядзеньня раскопак. Законам вызначана, што вядзеньне адміністрацыйнага працэсу па гэтым артыкуле ўскладзенае на выканаўчыя камітэты, у тым ліку і сельскія.
Згодна з дыспазыцыяй гэтага артыкулу, калі раскопкі былі праведзеныя фізычнымі асобамі без адпаведнага дазволу ўладаў, ім належыць пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу ў памеры да 1,8 мільёну рублёў.
Віцебская вясна