На будучых прэзыдэнцкіх выбарах рэальную канкурэнцыю цяперашняму кіраўніку дзяржавы можа скласьці толькі лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, перакананы старшыня партыі па Віцебскай вобласьці Сяргей Ярмыкін. Сяргей Уладзімеравіч ласкава пагадзіўся даць адказы на пытаньні карэспандэнта «Дыялёгу».
Сяргей Уладзімеравіч, патлумачце, калі ласка, пазыцыю вашай партыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах?
Ісьці на выбары трэба, змагацца трэба. Чым далей, тым больш у нашых шэрагах новых сяброў. Штогод у партыю прыходзяць дзесьці каля 200-400 новых прыхільнікаў. Наш лідэр Сяргей Гайдукевіч дастаткова вядомы для нашага электарату, таму гэта наш кандыдат, якога мы зьмяняць не зьбіраемся.
На сёньняшні дзень Лібэральна-дэмакратычная партыя зьяўляецца самай шматлікай у нашай краіне?
У Беларусі – так. Скажам шчыра, як яно есьць, за гэтыя гады шмат зроблена, ёсьць на што паглядзець. Так, спачатку было цяжка, але становіцца ўсё лягчэй і лягчэй. Трэба сказаць, электарат мы на свой бок патроху перацягваем. Калі казаць прыблізна, то колькасьць сяброў нашай партыі па рэспубліцы набліжаецца да 57 тысяч. У Віцебскай абласной арганізацыі колькасьць пераваліла за 10 тысяч сяброў. Мы летась адкрылі цудоўную аршанскую арганізацыю ЛДП. Там сабраўся вельмі добры калектыў. Досыць сур'ёзныя хлопцы сабраліся.
Якія пласты насельніцтва ідуць да вас у партыю?
Усе. Мы ня робім ніякіх абмежаваньняў. Даходзіць да таго, што ўжо людзі з заводаў прыходзяць, кажуць: мы пачыталі, мы ведаем статут, хацелі б уступіць. Уступайце, ніякіх праблем.
Скажыце, а наколькі мэтазгодны ўдзел у выбарах пры загадзя вядомым выніку?
Ну, скажам так, якраз на сёньняшні дзень вынік загадзя яшчэ не вядомы. А што, вы прапануеце не пайсьці?
Я так разумею, калі вы ідзяце на выбары – значыць, чымсьці кіруецеся? Цяжка паверыць у тое, што проста намінальны ўдзел зьяўляецца вашай асноўнай мэтай.
Ну, не! Проста ўдзельнічаць – не. Мы ж змагацца ідзем. Удзельнічаць? Удзельнічалі на тых выбарах шмат хто, каму рабіць не было чаго. На сёньняшні дзень мы не сярод тых, якія вызначыцца ня могуць: пайсьці – не пайсьці; дадуць ім грошай – не дадуць? Хто дасьць? Мы ідзем – дык сваімі грашыма ідзем.
Вы хочаце сказаць, што партыя фінансуецца нацыянальным капіталам?
Не, мы самі фінансуемся. Зьбіраем членскія ўзносы.
Ну, як мне здаецца, адных сяброўскіх унёскаў не дастаткова.
Калі ўтрыманьне аднаго офісу ў Віцебску абыходзіцца нам каля шасьці мільёнаў рублёў на месяц, дык, напэўна, хапае. У Воршы офіс, у гэтым месяцы адкрываем такі самы офіс у Полацку. У нас аднолькавыя будуць усюды офісы. Па Віцебскай вобласьці ў нас усё ў парадку. У Менску, вядома. Зразумела, гэта цэнтар. Таму ўсё ў парадку.
То бок у вас будзе паўнавартасная выбарчая кампанія на ўсіх этапах выбараў?
Так, поўнасьцю.
І вы будзеце таксама ўдзельнічаць у назіраньні? Ці ёсьць у вас якія-небудзь прэтэнзіі да працэсу назіраньня?
Па назіраньні прэтэнзіяў як такіх няма. Цяпер калі ласка: ідзі, глядзі і назірай.
Але ж вас, як і ўсіх астатніх, да стала ня пусьцяць, і вы ня ўбачыце, што сябры камісіі там лічаць. У нас жа так ня робіцца, як, скажам, ва Ўкраіне: падымаецца бюлетэнь, называецца прозьвішча, і ўсе прысутныя зьяўляюцца сьведкамі таго, што адбываецца.
Дойдзем і мы да гэтага, нікуды мы не падзенемся. Дойдзем.
Добра, у такім выпадку, якім чынам вы зможаце пераканацца ў дакладнасьці вынікаў выбараў?
Ну, па-першае, мы будзем накіроўваць людзей у камісіі. Не назіральнікамі, а ў камісіі.
Скажыце, а колькі прадстаўнікоў вашай партыі па Віцебскай вобласьці былі ўключаныя ў выбарчыя камісіі на мінулых выбарах?
Я магу і па рэспубліцы сказаць, пытаньняў няма. Па Віцебскай вобласьці я вам скажу – сем чалавек. Заяўкі падавалі амаль у семдзесят камісіяў. Але рэч у тым, што гэта ж ня ўлада вінаватая, што нас не ўключылі. Гэта наша віна – адсутнічае фінансаваньне. Каб паехаць кудысьці на сёньняшні дзень зь Віцебску, скажам, у Шаркоўшчыну, самі разумееце, гэта трэба чалавека завезьці, даць яму харчаваньне, а мы зрабіць гэтага папросту ня ў сілах цяпер. Тое, што можна, асноўнае, мы перакрываем – у Віцебску, у Воршы, Аршанскім раёне. Усё ж такі ён не маленькі. На сёньняшні дзень гэта палова Віцебску. Хочам таксама перакрыць Полацак і Наваполацак. Для сябе мы выразна разумеем, што наш кандыдат Гайдукевіч вельмі сур'ёзна настроены на выбары.
Тыя вашы людзі, якія былі ў камісіях, яны ж таксама ўдзельнічалі ў падліку галасоў. Вы не рабілі параўнальнага аналізу галасоў, пададзеных за вашага кандыдата ў падобных камісіях, дзе вашыя прадстаўнікі або назіральнікі адсутнічалі?
Не, не рабілі. Але на парлямэнцкіх выбарах былі акругі, дзе мы нават выйгравалі. Так адбылося ў Лёзьненскім раёне.
Скажыце, а сярод беларускіх партыяў вы маеце хаўрусьнікаў, зь якімі вы супрацоўнічаеце?
Вы ведаеце як, а з кім супрацоўнічаць? Вось сумленна толькі.
Але ж зь нейкімі партыямі ў вас павінны быць падобныя пазыцыі. Назавіце прыярытэтныя – ў вашай палітычнай дзейнасьці.
Калі вы сочыце за нашай дзейнасьцю, то вы павінны ведаць нашы прыярытэты. Ну, незалежнасьць – гэта само сабой. Ніякіх ня можа быць сумневаў ў гэтым пытаньні. А то пачынаюць казаць, што наша мэта – аб'яднаньне з Расеяй. Ня трэба! Так, мы – браты, мы з Расеяй, але ня больш!
А якія ў вас адносіны з партыяй Жырыноўскага?
У нас кантракты, у нас усе дамовы падпісаныя. Але мы маем ня толькі зь Лібэральна-дэмакратычнай партыяй Расеі стасункі. Маем і з «Адзінай Расеяй», і з расейскімі камуністамі дамовы існуюць. Мы маем зносіны з усімі. Адзінае, у Беларусі на сёньняшні дзень, скажам адкрыта і шчыра, а з кім мець зносіны?
Ну, хоць бы зь беларускімі камуністамі, з тым жа Калякіным.
Ну, камуністы беларускія... Так, ёсьць, не спрачаюся. Калякін? Па-першае, пачнём з таго, а які ён камуніст? Трэба адкрыта і шчыра казаць. Хіба гэта камуніст? Якія могуць быць стасункі, калі ў іх нават партыя не зарэгістраваная? Растлумачце мне. Вось возьмем Менск. Ня будзем браць Віцебск. У іх на кватэрах офісы. Пра што можна казаць, калі людзі хочуць усё неяк схаваць, па-чорнаму рухацца? Трэба, каб людзі цябе бачылі, людзі цябе ведалі. Гэта ня значыць, што перш чым выйсьці, трэба ісьці і ганіць кагосьці. Перш як ганіць, трэба нешта самім зрабіць. Вы згодныя са мной? На сёньняшні дзень у нас у вобласьці праходзяць турніры: футбол, валейбол, баскетбол, стральба, у гарадкі спаборніцтвы. Мы ва ўсіх удзельнічаем. У нас спартоўцаў вельмі багата, у нас узнагарод вельмі шмат, нас нават міністр МНС узнагароджваў. Мы ўдзельнічаем і ў спаборніцтвах, і ў рэспубліканскіх суботніках. Пайшлі, пасадзілі. Мы не пытаемся: ці трэба? Я напісаў ліст губэрнатару, папрасіў, калі мы патрэбныя на рэспубліканскім суботніку, дайце нам аб'ём працы. Нам далі тут жа. Калі ласка, ідзіце, на Віцьбе пасадзіце дрэвы. Далі гэтых дзьвесьце дрэў – мы высадзілі. Нам прыемна, людзям прыемна – гэта нармальна.
А чым пазыцыя вашай партыі адрозьніваецца ад пазыцыі афіцыйнай улады? Бо ў кожнай партыі павінна быць нейкае сваё аблічча. Яно павінна быць пазнавальнае.
Вядома, мы шмат з чым ня згодныя, мы хочам, каб шмат што было ня так. Наша пазыцыя ў эканоміцы трохі іншая. Трэба ж падымаць эканоміку. Таму мы і адрозьніваемся, але гэта ня значыць, што мы павінны з кімсьці ваяваць. Або, як кажуць, выведзіце людзей на плошчу і наперад. А пры чым тут мы? На плошчу выходзіць народ. Калі выходзіць – значыць, гэта народу трэба. А калі народ не ідзе – значыць, усё ў парадку. Ці мы так хочам Майдан нейкі? Мы ня хочам, мы і ня будзем рабіць ніколі ў жыцьці Майдан.
А вы не разглядаеце такой сытуацыі, што, з улікам сёньняшніх рэаліяў, Масква, выкажам здагадку, падтрымае вашага кандыдата?
Трэба дакладна разумець, хто ідзе на месца прэзыдэнта. Мы такі варыянт ніколі не разглядалі, каб Расея нам у чымсьці дапамагала. На сёньняшні дзень Расея нам ні ў чым не дапамагае. Расея назірае – гэта так. А каб яны нам дапамагалі – не было такога. Я думаю, і ніколі ня будзе. Ня будуць яны дапамагаць. Калі змагацца – змагацца трэба самім. Трэба быць вядомымі. Трэба волю народа выконваць у першую чаргу, а потым, калі народ убачыць, што ты такі самы, як і ён, тады ўсё і будзе.
Патлумачце, як Вы ставіцеся да пазыцыі тых партыяў, якія загадзя адмовіліся ад удзелу ў выбарах?
Скажыце мне тады, чаму яны на тыя выбары пайшлі, а на гэтыя адмаўляюцца? Я наогул не разумею, для чаго яны ходзяць. Яны ходзяць за гранты. Калі Эўропа не дала грошай, значыць, ня пойдзем на выбары, калі дасьць – то пойдзем. Дык дзе ж у нас з вамі наша беларуская салідарнасьць? А то мы ўсё крычым нібыта, што мы – беларусы, за Беларусь любога парвём. Як толькі грошай Амэрыка не дала – значыць, мы не ідзем. Дадуць – дык пойдзем. Хіба гэта нармальна? Змагацца трэба, ісьці трэба ў кожным разе. Калі мы ня будзем змагацца, то што тады будзе? Тады і лямантаваць няма чаго, і стукаць нагамі і рукамі размахваць няма чаго. На тыя выбары яны ж пайшлі. Так, прэзыдэнт «сабраў» ім подпісы – яны ўсе і пайшлі. Вы самі зьбярыце! Самі! Мы заўсёды самі зьбіралі подпісы, і ніхто нам іх не даваў. І я ведаю, колькі ў мяне вобласьць на сёньняшні дзень зьбірае подпісаў. Я хлусіць ня буду. Я ведаю, што мы 30 тысяч подпісаў зьбярэм у Віцебскай вобласьці. А калі не ісьці на выбары, тады што? На выбары ж трэба хадзіць не за грошы!
А вось нейкі прагноз на выбары Вы можаце ўжо цяпер зрабіць?
У прынцыпе, гэта і не сакрэт, гэта бачна і няўзброеным вокам: з Лукашэнкам на сёньняшні дзень можа пазмагацца толькі Гайдукевіч. Больш няма каму. Калі шчыра, то больш няма каму. Так, два моцныя кандыдаты. Ну, кіраўнік краіны – зразумела, бо ён столькі гадоў прэзыдэнт... Усё ж такі, правільна ці няправільна – ён абраны народам, што б мы ні казалі... Што б мы ні хацелі казаць, ён абраны народам... І іншага варыянту быць ня можа. Я лічу, што барацьба будзе. Думаю, што пацяжэй будзе яму, чымся на тых выбарах.