У мінулую нядзелю на Полацкім рынку ў Віцебску некалькі ажывіўся гандаль прамысловымі таварамі. І хаця пакупнікоў пакуль не багата, блізу дваццаці гандляроў распачалі працу. У той самы час бальшыня індывідуальных прадпрымальнікаў не зьбіраюцца вяртацца на свае працоўныя месцы, калі ня будзе скасаваны ўказ № 222.
Прадпрымальнікі, якія выйшлі на працу, кажуць пра неабходнасьць утрымліваць свае сем'і і тлумачаць, што маюць усе неабходныя для гандлю дакумэнты. Маўляў, у той час, як нехта спаў у шапку, законапаслухмяныя грамадзяне зрабілі ўвесь пакет патрэбнай дакумэнтацыі. Адна з гандлярак нават прызналася, што летась ёю дзеля гэтага разам з выдаткамі на падаткі і арэнду было выдаткавана шэсьцьдзесят мільёнаў рублёў.
Тым ня менш, як падалося, асаблівай упэўненасьці гандляры ня маюць нават пасьля ўсіх падатковых выплатаў і атрыманьня сэртыфікатаў на свае тавары. Недавер і напружанасьць, што віселі ў паветры, неўзабаве выплюхнуліся вонкі: адна з гандлярак запатрабавала ў мяне журналісцкае пасьведчаньне і прыстрашыла міліцыяй, калі я не перастану рабіць фотаздымкі ды распытваць людзей. Што стала падставай для такой нэрвовай рэакцыі на просьбу распавесьці пра прычыны свайго вяртаньня на рынак – казаць адназначна не выпадае.
На гэтым мае непрацяглыя зносіны з гандлярамі Полацкага рынку, аднак, ня скончыліся. Пасьля таго, як я адышоў ад купкі гандляроў, якія кінуліся дружна абараняць сваю каляжанку, мяне спыніла жанчына і пачала вінаваціць у тым, што рэпартаж мой будзе аднабаковым і непраўдзівым. Яна заявіла, што бальшыня прадпрымальнікаў, і яна ў тым ліку, на працу ня выйшлі.
Беручы пад увагу выказаныя ў мой адрас абвінавачваньні, я прапанаваў ёй падзяліцца сваімі меркаваньнямі:
– Вось гэтыя людзі, што вярнуліся на працу, збольшага маюць ліпавыя сэртыфікаты. Яны не разумеюць, што іх раней ці пазьней усё адно чакае і канфіскацыя тавару, і штрафы. Чаму яны выйшлі? Выйшлі праз сваю сквапнасьць, ці праз глупства, бо сем’і трэба ўтрымліваць. Навошта яны гэта робяць? Каб нас усіх душылі?
У краіне гэткае беспрацоўе, асабліва ў Віцебску. Чалавек з вышэйшай адукацыяй ня мае магчымасьці на годнае працаўладкаваньне. Людзям неабходна выжываць, а ўлады прымяняюць рэпрэсіўныя санкцыі – канфіскацыі, штрафы. Вось вы кажаце, што адна з гандлярак заплаціла за мінулы год 60 мільёнаў падаткаў і за сэртыфікацыю тавараў. А ці верне яна гэтыя грошы, і колькі часу ёй на тое спатрэбіцца? Ды яна ніколі столькі ня верне!
Я тут сама на гэтым рынку працую, але на сёньняшні час нават сто даляраў адкласьці ня ў стане. То гандлю няма, то яшчэ нейкія праблемы. Мабыць, тым, у каго па горадзе дзесяць-дваццаць гандлёвых пунктаў, нейкая карысьць і ёсьць, а што астатнім рабіць?
Мінуў той час, калі людзі добра зараблялі і мелі грошы. Мы не выходзім на працу, каб урад паглядзеў на пустыя рынкі, падумаў ды прыняў разумнае рашэньне. Вы зразумейце – людзі, якія тут сёньня стаяць, былі заўжды. І ў вайну былі партызаны, а былі паліцаі. Гэта – тое самае. Яны – штрэйкбрэхеры. Нават аформіўшы ўсе дакумэнты, з пачуцьця салідарнасьці са сваімі калегамі я ніколі б ня выйшла на працу.
С. Горкі