Журналістам з Глыбокага на адкрытым судовым працэсе не дазволілі весьці аўдыёзапіс. Пра гэта ў камэнтары Эўрарадыё распавёў журналіст Зьміцер Лупач.
Разам з калегам Зьміцер Лупач прысутнічаў на судзе па крымінальнай справе — забойстве дзевяцімесячнага дзіцяці ў сьнежні 2013 году. У першы дзень працэсу судзьдзя забараніла журналістам карыстацца тэхнічнымі сродкамі. Аднак у інтэрнэце яны знайшлі, што аўдыёзапіс у залі суду на адкрытым паседжаньні можна рабіць нават без дазволу судзьдзі. Такая норма ёсьць у пастанове Прэзыдыюму Вярхоўнага Суду №11 ад 20 сьнежня 2013 году. Пры гэтым паведамляць суду пра запіс не абавязкова.
На другі дзень судовага паседжаньня журналісты сталі карыстацца дыктафонамі. На гэта адразу зьвярнуў увагу абвінавачаны, які паведаміў пра гэта свайму адвакату, а той — судзьдзі. Судзьдзя Людміла Вашчанка, прыгразіўшы выдаліць карэспандэнтаў з залі суду, забараніла карыстацца дыктафонамі.
Вашчанка: "Паважаная прэса, паводзьцеся, калі ласка, карэктна. На сёньняшнім паседжаньні суду вы не пыталіся ў суду дазволу весьці які-небудзь запіс. Згодна з законам, вы маеце права весьці ручны запіс або магнітафонны запіс. Іншыя віды запісу ў КПК не прадугледжаныя, таму, калі ласка, выконвайце закон".
Дарэчы, у Крымінальна-працэсуальным кодэксе сапраўды гаворыцца пра ручны або магнітафонны запіс. Але магнітафоны даўно састарэлі, і імі ўжо ніхто не карыстаецца. Журналісты плянуюць абараняць свае правы і будуць абскарджваць рашэньне судзьдзі.
Эўрарадыё