Штраф у памеры 25 базавых велічынь (3 млн. 750 тыс.) судзьдзя Глыбоцкага суду Андрэй Тарасевіч прысудзіў прыватнаму прадпрыемству “Прэфект-інфо” за парушэньне закону аб рэкляме. Гэтае прадпрыемства з 2009 году выдавала рэклямную газэту “Прэфект-інфо”, заснавальнікам якой зьяўляецца актывіст кампаніі “Гавары праўду” Яраслаў Берніковіч, а галоўным рэдактарам – сябра аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Зьміцер Лупач.
Пратакол аб правапарушэньні склала супрацоўніца ўпраўленьня гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму Жанна Лістападава. Паводле дакумэнту, у кастрычніцкім нумары газэты быў дапушчаны шэраг парушэньняў Закону аб рэкляме.
Але праблемы ў газэты пачаліся яшчэ ў 2010 годзе. Калі прадпрыемства падало дакумэнты на рэгістрацыю грамадзка-палітычнай газэты, у іх зьнянацку ўзьніклі пытаньні да юрыдычнага адрасу рэклямнага выданьня. Міністэрству інфармацыі не спадабалася, што юрыдычны адрас знаходзіцца на прыватнай кватэры, хаця рэклямную газэту раней зарэгістравалі па гэтым адрасе без прэтэнзіяў.
Акрамя таго, заснавальнік газэты Яраслаў Берніковіч і галоўны рэдактар Зьміцер Лупач звычайна бяруць удзел у выбарчых кампаніях, у тым ліку і сёлетніх мясцовых. Па іх назіраньнях, прэтэнзіі да газэты заўсёды ўзьнікаюць напярэдадні альбо пасьля выбараў.
– Заўсёды перад чарговай выбарчай кампаніяй газэта плаціла штрафы – напрыклад, за аб'явы пра працу ў Расеі. Зараз зьвярнулі ўвагу на парушэньне закону аб рэкляме. Хоць падобныя парушэньні я часта бачу ў нашай раёнцы і ня толькі, – кажа Зьміцер Лупач. – Як рэдактар газэты з сумам павінен адзначыць, што далейшы выхад нашай газэты ўжо немагчымы. Мы існавалі толькі за тыя сродкі, якія мелі з рэклямы. Улады ж нам усяк перашкаджалі. Кіраўніцтву банкаў было забаронена даваць нам рэкляму, прадпрымальнікам таксама казалі: “Думайце, каму даяце рэкляму: гэта ж апазыцыя, глядзіце, каб у вас не было потым праблем”. І шмат хто ад рэклямы ў нас адмаўляўся.
Газэта пакуль ня ведае, дзе ўзяць сродкі, каб заплаціць немалую для яе суму. Ужо зараз выданьне газэты фактычна спыненае з-за фінансавых цяжкасьцяў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў