Намесьніца старшыні суду Першамайскага раёну Віцебску судзьдзя Вольга Ільюшонак вынесла асобнае вызначэньне датычна першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску Таісіі Баглай (на фота) у сувязі з парушэньнем ёю дзеючага закону аб масавых мерапрыемствах. Прычынай, з-за якой суд пачаў разьбіральніцтва ў дачыненьні да высокапастаўленай чыноўніцы, стала скарга праваабаронцы Паўла Левінава.
Пры разглядзе гэтай грамадзянскай справы было выяўлена, што 15 ліпеня Павал Левінаў накіраваў у адміністрацыю Першамайскага раёну гораду Віцебска заяву, у якой паведаміў пра намер зладзіць 4 жніўня 2013 году масавае мерапрыемства – пікет.
У адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або яго намесьнік абавязаны разгледзець заяву і не пазьней, як за пяць дзён да даты правядзеньня масавага мерапрыемства, у пісьмовай форме паведаміць яго арганізатару пра прынятае рашэньне. Аднак адказ на заяву праваабаронцы быў дадзены 31 ліпеня – г. зн. са спазьненьнем на адзін дзень, што супярэчыць патрабаваньням вышэйпрыведзенай нормы закону.
Цяпер у судзе Першамайскага раёну Віцебску чакаюць паведамленьня з адміністрацыі Першамайскага раёну аб прынятых мерах. І па сутнасьці гэтыя меры павінны быць карнымі ў адносінах да парушальніцы закону – першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Таісіі Баглай.