Пад пагрозай звальненьня апынуліся ўсе сябры Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно». Год таму было прынятае рашэньне, каб чальцам Cвабоднага прафсаюзу не плаціць сяброўскія складкі праз заводзкую бухгальтэрыю, каб не паказваць прафсаюзны актыў.
Кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі Віктара Стукава звольнілі і забаранілі яму ўваход на прадпрыемства. Але ў судзе Стукаў даказаў, што мае права праходзіць на тэрыторыю заводу для працы зь сябрамі сваёй прафсаюзнай арганізацыі. Аднак прайсьці на прадпрыемства ўдалося толькі пры ўдзеле судовага выканаўцы:
«Вялікімі, максымальнымі высілкамі ў прысутнасьці судовых выканаўцаў, прычым вымусілі пацьвердзіць прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюзу прынамсі аднаго работніка праз прад’яўленьне заявы пра ўступ у прафсаюз».
Віктар Стукаў прад’явіў адну такую заяву. Яго прапусьцілі на тэрыторыю прадпрыемства, але не ў вытворчыя карпусы. На дошках аб’яваў ён зьмясьціў прафсаюзныя абвесткі. Але ўжо наступнага дня пачаўся ціск на таго работніка, заяву якога Стукаў паказаў адміністрацыі і судоваму выканаўцу:
«А 7-й раніцы яму тэлефанаваў начальнік, яму загадалі напісаць тлумачэньне на імя начальніка цэху, што ён не зьяўляецца сябрам прафсаюзу. Пасьля ўжо ператэлефанавалі і сказалі, каб ён напісаў, што больш за год не зьяўляецца сябрам прафсаюзу. Будзе пісаць як сказалі, бо іначай звольняць».
Як адзначае Віктар Стукаў, на працоўных сходах на прадпрыемстве адкрыта гавораць, што за прыналежнасьць да Свабоднага прафсаюза работнікі будуць звальняцца.
racyja.com