«Акруговая выбарчая камісія не зьяўляецца арганізацыяй, таму Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб на яе не распаўсюджваецца», - гэтак судзьдзя Юры Урбан абгрунтаваў сваю адмову задаволіць пазоў віцебскага актывіста Кастуся Мардзьвінцава супраць Аляксандра Красоўскага, старшыні АВК Віцебскай сельскай выбарчай акругі № 21 падчас выбараў, і Ірыны Жулевай, сакратаркі камісіі.
Рашэньне па грамадзянскай справе, разгляд якой у судзе працягваўся паўтара тыдні, было абвешчанае 19 кастрычніка. Актывіст прасіў суд спагнаць з адказных сябраў выбарчай камісіі выдаткі, якія ён панёс у выніку таго, што апошнія, як ён лічыць, парушылі заканадаўства. Таксама ён прасіў суд спагнаць са спадара Красоўскага і спадарыні Жулевай кампэнсацыю за нанесеную яму маральную шкоду.
Падчас парлямэнцкіх выбараў, што завяршыліся блізу месяц таму, Кастусь Мардзьвінцаў быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад партыі БНФ Леаніда Аўтухова. Таксама ён зьяўляўся назіральнікам на адным з участкаў.
«Выконваючы свае абавязкі, я, натуральна, ня раз зьвяртаўся ў акруговую выбарчую камісію зь пісьмовымі заявамі. Адна з такіх заяваў тычылася таго, каб мне дазволілі прысутнічаць на паседжаньні камісіі падчас праверкі сапраўднасьці подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі за вылучэньне кандыдатаў. Заяву, як і ўсе іншыя свае заявы ў АВК, пісаў на роднай мове - беларускай. Аднак адказ, які падпісаў старшыня АВК Красоўскі і сакратар Жулева, мне чамусьці прыйшоў па-расейску. Прычым адказ быў такім цьмяным, што, каб зразумець сэнс напісанага, я мусіў зьвярнуцца па пераклад на беларускую ў бюро перакладаў», - распавядае Кастусь Мардзьвінцаў.
«Зрэшты, дарма я думаў, што адзіная прычына, чаму я не разумею сэнсу цыдулкі з АВК, - мова адказу, - працягвае актывіст. - Нават пасьля азнаямленьня з гэтым творам у беларускай вэрсіі, зробленай прафэсійным перакладчыкам, было цяжка здагадацца, што канкрэтна яго аўтары мелі на ўвазе. Даслалі мне нейкую лухту ў якасьці адпіскі - абы напісаць што-небудзь! Нават Ярмошына, да якой я зьвярнуўся са скаргай, прызнала, што ў адказе ёсьць недакладнасьці і супярэчнасьці, што там сэнс аднаго абзацу супярэчыць сэнсу другога - гэта яна адзначыла ў лісьце да старшыні камісіі, пра які стала вядома ў судзе».
«Пры канцы свайго адказу на маю заяву старшыня і сакратар АВК напісалі, што я магу абскардзіць яго ў адпаведнасьці з законам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Прабачце, шаноўныя, але калі спасылаецеся на гэты закон, хіба ня лічыце, што і вы самі павінны яго выконваць? А ў законе чорным па белым напісана, што адказы на заявы мусяць давацца на мове зваротаў. Я напісаў вам па-беларуску - будзьце ласкавы, у адпаведнасьці з законам дзейнічайце - адказвайце мне па-беларуску. Пра гэта я і напісаў у скарзе Лідзіі Ярмошынай. У сувязі з гэтым і пазоў у суд падаў, бо з-за таго, што ў АВК парушылі закон я панёс матэрыяльную шкоду - плаціў грошы ў бюро перакладаў», - патлумачыў Кастусь Мардзьвінцаў.
Ён распавёў пра рэакцыю Лідзіі Ярмошынай на ягоную скаргу. Старшыня ЦВК напісала яму, што адказ, дадзены акруговай выбарчай камісіяў, зьяўляецца, па-сутнасьці правільным. Адылі, прызнала Ярмошына, у ім ёсьць недакладнасьці. Так, паводле Ярмошынай, старшыня і сакратар акруговай выбарчай камісіі ня мелі права спасылацца на закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, «паколькі акруговыя выбарчыя камісіі не зьяўляюцца арганізацыямі». «У той жа час з прычыны названай памылкі Ваша права на абскарджаньне адказу акруговай выбарчай камісіі не парушанае», - напісала Лідзія Ярмошына.
Цяпер, адмовіўшы актывісту ў задавальненьні яго пазоўнай заявы, судзьдзя Урбан, фактычна, паўтарыў аргумэнт Ярмошынай. Маўляў, выбарчая камісія ня ёсьць арганізацыяй, таму закон аб зваротах грамадзян ёй ня пісаны і яна не абавязаная яго выконваць.
Кастусь Мардзьвінцаў абураецца. Беларускамоўныя грамадзяне, на яго думку, і без таго знаходзяцца ў прыніжаным стане, у своеасаблівым гета. Яны ня могуць карыстацца сваёй мовай у грамадзкім жыцьці. Ён лічыць, што Ярмошына папросту «адмазала» сябраў акруговай выбарчай камісіі, а цяпер судзьдзя Урбан, не пажадаўшы сварыцца з тым, хто, па сутнасьці, прызначае кіраўніка дзяржавы - які, у сваю чаргу, прызначае судзьдзяў (і яго самога ў тым ліку), - прызнаў відавочную бязглузьдзіцу за юрыдычную норму.
«Так, у законе аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, сапраўды, згадваецца, што яго дзеяньне не распаўсюджваецца на звароты, у адносінах да якіх заканадаўчымі актамі вызначаны іншы парадак іх падачы і разгляду, - кажа віцебскі актывіст. - Але ж тут маем ня той выпадак. Дзе ў выбарчым кодэксе гаворыцца што-небудзь наконт іншага парадку разгляду заяўваў накшталт маёй? Няма? Дык тады павінен дзейнічаць закон аб зваротах грамадзян».
Кастусь Мардзьвінцаў: «Арганізацыяй ці не арганізацыяй ёсьць АВК - якая розьніца? Службовыя асобы павінны выконваць закон аб зваротах грамадзян у кожным разе. Але ж і тое, што выбарчая камісія нібыта не арганізацыя - таксама сьмешна. А хто ж яны тады, маючы пячатку, прымаючы важныя рашэньні па выбарах? Мабыць, нейкая "групоўка", як сказаў старшыня камісіі Красоўскі на папярэднім судовым паседжаньні? Спадзяюся, хаця б не злачынная?»
«Паколькі ў законе не тлумачыцца тэрмін "арганізацыя", што канкрэтна ён азначае ў межах закону, дык гэтае слова трэба разумець у агульным яго значэньні. У лінгвістычнай экспэртызе судзьдзя мне адмовіў - я заяўляў адпаведнае хадайніцтва, - дык ў судзе падчас спрэчак зачытаў я тое азначэньне слова, якое знайшоў у слоўніку: арганізацыя - гэта фармальная група людзей з адной або некалькімі агульнымі мэтамі. Згодна з гэтай дэфініцыяй, выбарчая камісія - ні што іншае, як арганізацыя і ёсьць. Група людзей? - Так. - Фармальная? - Так, падрабязна апісаная працэдура яе ўтварэньня і дзейнасьці. - З агульнымі мэтамі? - Безумоўна, так".
Актывіст лічыць рашэньне суду, прынятае наконт ягонага пазову, несправядлівым і дыскрымінацыйным ды заявіў пра намер абскардзіць яго. На думку спадара Мардзьвінцава, судзьдзя Юры Урбан, выносячы рашэньне, не кіраваўся літарай і духам закону, і спадзяецца што віцебскі абласны суд гэтае рашэньне скасуе і адправіць справу на новы разгляд.
Дарэчы, судзьдзя Юры Урбан, які цяпер вёў справу ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску, даўно праявіў сябе як адданы служка рэжыму. Яшчэ ў далёкім 2005 годзе ён прызначыў штраф у адну базавую велічыню сябру КХП-БНФ Уладзімеру Плешчанку за тое, што той нібыта абражаў мінакоў падчас распаўсюду партыйнага выданьня «Беларуская салідарнасьць». У 2006 годзе судзьдзя Урбан пакараў штрафам у 1/2 базавай велічыні распаўсюджвальніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду «за гандаль у неналежным месцы». Адзначыўся судзьдзя Урбан і сёлета, разглядаючы адну са скаргаў актывістак незалежнага прафсаюзу РЭП супраць наймальніка – ААТ «Віцебскмясамалпрам». Зразумела, што рашэньне, прынятае судзьдзём па той справе, было не на карысьць працаўніц...
"Віцебская Вясна"