Былы дзіцячы аздараўленчы лягер «Зорны» месьціцца ў Полацкім раёне каля вёскі Малое Сітна. Некалі папулярнае месца адпачынку наваполацкіх дзяцей сёньня знаходзіцца ў поўным запусьценьні.
Лягер на 480 месцаў быў пабудаваны ад наваполацкага заводу «Вымяральнік» яшчэ за часамі СССР, першую зьмену прыняў у 1990 годзе. З распадам саюзу «памёр» завод, а разам зь ім і лягер. Апошнюю зьмену ДАЛ прыняў у 2000-м, пасьля чаго яго аддалі гораду пад спартовы лягер, а пазьней і зусім закінулі.
Комплекс ДАЛ «Зорны» складаецца з 13 паасобных цагляных будынкаў: спальныя карпусы, клюб-сталоўка, адміністрацыйна-гаспадарчыя пабудовы, воданапорная вежа, трансфарматарная падстанцыя і іншыя будынкі.
Апошнія некалькі гадоў, неаднаразова зьніжаючы кошт, яго ўпарта спрабавалі прадаць з аўкцыёну. Паводле непацьверджанай інфармацыі, зьдзелка адбылася – уласьнікам «Зорнага» стала прыватная асоба з Расеі. На момант здымак на тэрыторыі лягера прысутнічалі двое ахоўнікаў.
Дзьмітры Дзежыц, ximik.info