Віктар Міхальчанкаў зь Лёзна атрымаў перамогу на VII фэстывалі сацыяльных інтэрнэт-рэсурсаў «Сьвет роўных магчымасьцяў», які прайшоў у Маскве. Дзякуючы яго сайту «ННД – Нас Ня Дагоняць – Сучасныя тэхналёгіі бяз комплексаў» шмат хто па-новаму зірнуў на сьвет і на тых, каго ў грамадзтве называюць людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі.
Нягледзячы на сваю хваробу, Віктар праз інтэрнэт-партал дапамагае людзям у рэабілітацыі. Ягоная распрацоўка стала пляцоўкай для зносін, абмену досьведам, а таксама сэрвісам, дзе можна знайсьці многа карыснай інфармацыі аб прагрэсіўных тэхналёгіях, дасягненьнях навукі, якія можна выкарыстоўваць асобам з абмежаванымі магчымасьцямі.
Лёзьненец неаднаразова прадстаўляў сваю працу на фэстывалях сацыяльных інтэрнэт-рэсурсаў «Сьвет роўных магчымасьцяў» і станавіўся ляўрэатам. А сёлета ён перамог у намінацыі «Вясёлка жыцьця». Характэрна, што Віктар Міхальчанкаў – адзіны прадстаўнік нашай краіны, які ўвайшоў у лік фіналістаў.
Дарэчы, сёлета на адрас аргкамітэту фэстывалю, арганізатарамі якога зьяўляюцца Фундацыя падтрымкі інвалідаў «Адзіная краіна» і Ўсерасейскае таварыства інвалідаў, паступілі 314 заявак з 56 рэгіёнаў Расеі, а таксама ад стваральнікаў расейскамоўных сайтаў з Украіны, Беларусі і Малдовы. Экспэрты ацэньвалі сацыяльную і грамадзкую значнасьць рэсурсу, зьмест і інтэрактыўнасьць, дызайн і зручнасьць карыстаньня, творчы і арыгінальны падыход у падачы матэрыялу, а таксама эфэктыўнасьць павышэньня талерантнасьці ў дачыненьні да людзей з інваліднасьцю.
Вольга Булаўка, vitvesti.by