Напярэдадні адкрыцьця чарговага «Славянскага базару» з галоўнага парку Віцебску прыбралі дзіцячыя атракцыёны, а замест іх паставілі гандлёвыя павільёны з алькаголем і няхітрай закускай для гасьцей фэстывалю.
Амаль на месяц прадпрымальнікі застаюцца без прыбытку, апэратары атракцыёнаў без зарплаты, а дзеці – без улюбёных забаваў. Абураныя такім становішчам спраў работнікі парку зьвярнуліся са скаргай да мясцовых уладаў.
Летась на даручэньне бурмістра Віцебску парк Пераможцаў быў падзелены на дзьве зоны: «дарослую» і «дзіцячую». У першай было дазволена паставіць некалькі намётаў з алькагольнай прадукцыяй, у другой продаж сьпіртных напояў быў забаронены.
«Падчас гуляньняў летась атракцыёны перасунулі ў бок і паставілі на зялёную зону. Месца хапіла ўсім, але па факце мы ўсё адно стаялі побач з намётамі, у якіх прадаваўся алькаголь. Сёлета нам загадалі наогул прыбраць атракцыёны: цяпер гораду патрэбен увесь парк, – кажа Сяргей Шчарбакоў, апэратар аднаго з атракцыёнаў. – Замест трох кавярынек яны мяркуюць паставіць каля дваццаці. Даручэньне бурмістра матываванае тым, што дзеці не павінны глядзець на тое, як п'юць дарослыя».
У зоне з атракцыёнамі знаходзіліся батуты, карусэлі, басэйны з балёнікамі, 5D-кінатэатар...
«Я зьвяртаўся ў райвыканкам і аблвыканкам са скаргай, але мне адказалі, што яны маюць поўнае права так рабіць, бо гэтая ўмова прапісаная ў дагаворы. Гэта праўда, яны перастрахаваліся і прапісалі ўсё загадзя, але што гэта мяняе? Акрамя таго, што ў мяне ў гэтым месяцы ня будзе працы і заробку, я не змагу і дзяцей нікуды вывесьці. У нас і так лета кароткае, калі скончацца ўсе гуляньні – скончыцца і лета. «Славянскі базар» – гэта фэстываль мастацтваў. Але дзецям там няма месца?» – засмучаецца шматдзетны бацька.
Намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі камэнтаваць праблемную сытуацыю адмовіўся.
Дзьмітры Мелехавец, onliner.by