Сяргей Пашковіч атрымаў траўму ў 16 гадоў на трэніроўцы ў дзіцяча-юнацкай спартовай школе гораду Глыбокага і на многія месяцы аказаўся прыкаваным да ложка. Стаўшы чалавекам з абмежаванымі магчымасьцямі, ён у выніку здолеў вырвацца з дому-інтэрнату, скончыць унівэрсытэт і знайсьці працу.
– Было цяжка зьмірыцца з тым, што адгэтуль я не змагу жыць, як раней, – распавядае мужчына, – у сябе прыходзіў вельмі доўга. Летам мяне вывозілі з Глыбокага на далёкі хутар, дзе я чытаў кнігі, займаўся самаразьвіцьцём, спрабаваў рабіць фізычныя практыкаваньні. Мне было цяжка жыць дома, з бацькамі, бо я нічым ня быў заняты. Спачатку дапамагаў гадаваць братоў і сясьцёр, іх у нашай сям'і чацьвёра, а потым вырашыў, што трэба шукаць свой шлях разьвіцьця.
І ў 2005-м, праз дваццаць гадоў пасьля траўмы, вырашыў зьехаць у Віцебск. Пасялілі мяне ў звычайным пакоі ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Тут я пазнаёміўся з выдатным чалавекам Дзімам Сьцямасавым, які на той момант быў старшынём віцебскага таварыства інвалідаў-вазочнікаў. Ён вёў у доме-інтэрнаце курсы па навучаньні кампутару, якія я з задавальненьнем наведваў. Я зразумеў, што хачу вучыцца далей, атрымаць вышэйшую адукацыю. І ў 2006-м паступіў на дзённае аддзяленьне факультэту сацыяльнай пэдагогікі і псыхалёгіі ў ВДУ імя Машэрава. Безумоўна, у мяне, у адрозьненьне ад астатніх студэнтаў, было вольнае наведваньне. Да мяне прыставілі двух дзяўчат-валянтэраў, якія бралі ў выкладчыкаў для мяне сьпісы літаратуры, заданьні, прыносілі кнігі. Займаліся мы ў корпусе на вуліцы Чапаева, дзе не было ліфта. Хлопцы, якія вучыліся на аддзяленьні фізычнай культуры, паднімалі мяне на патрэбны паверх. Экзамэны я здаваў індывідуальна.
У другім сэмэстры ў нас была лаціна. Выкладчык, жанчына даволі суворая, настаяла, каб я прыехаў здаваць іспыт разам з групай. Яна не хацела аддзяляць мяне ад калектыву. І гэта, з аднаго боку, было правільным рашэньнем. Памятаю, як да іспыту вывучыў цэлых 70 цытат і крылатых выразаў, якія пастараўся ўставіць у прамову. Дык што ўдалося бліснуць эрудыцыяй.
Унівэрсытэт я скончыў з чырвоным дыплёмам, паступіў у магістратуру. Мой навуковы кіраўнік, Сяргей Леанідавіч Багамаз, дапамагаў мне ва ўсім. І я рызыкнуў падаць дакумэнты ў асьпірантуру. Але калі ва ўнівэрсытэт бяруць усіх, хто хоча займацца, то для паступленьня ў асьпірантуру неабходна, каб хтосьці паручыўся за мяне, што я буду працаўладкаваны. Дзіма Сьцямасаў у чарговы раз дапамог, паручыўшыся за мяне ад імя таварыства інвалідаў-вазочнікаў. Я ж пастараўся знайсьці працу ва ўнівэрсытэце.
Цяпер я працую лябарантам на паўстаўкі на нашай катэдры, але ў будучыні спадзяюся стаць выкладчыкам. Так, каб уладкавацца тут, я мусіў накіравацца на камісію МРЭК з чырвоным дыплёмам і даказаць, што я магу працаваць. Мне гэта ўдалося! Таму веру, што даб'юся і месца выкладчыка.
Сёньня Сяргей жыве ў пакоі інтэрнату ад ЖРЭТу Кастрычніцкага раёну. Выбіць тут месца аказалася вельмі няпроста! Але Сяргей адправіўся на камісію ў гарвыканкам і даказаў, што можа жыць адзін, што яму не патрабуецца кругласутачны догляд, які аказвалі ў доме-інтэрнаце.
Сяргей працуе.
Вядома, на Фрунзэ, 99 жыць было прасьцей, – прыгадвае Сяргей, – там кармілі, прыбіралі, клапаціліся пра мяне сацыяльныя работнікі, мэдсёстры і санітаркі. Для чалавека ўжо пажылога, які застаўся ў адзіноце, у доме-інтэрнаце створаныя ўсе ўмовы. Але мне, маладому, хацелася адтуль вырвацца. Вельмі цяжка жыць пад кантролем. Бо нават для таго, каб куды-небудзь адлучыцца, неабходна было пісаць заяву на імя адміністрацыі. А ў інтэрнаце я сам сабе гаспадар.
Пакой плошчай 19 мэтраў квадратных Сяргей падзяліў на тры зоны: спальню, кухню, працоўны габінэт.
Тут Сяргей абедае.
Дапамагае яму прыбіраць чалавек, які аформлены па доглядзе інваліда-вазочніка. А прадукты прыносіць суседка. Нядаўна яны зь Сяргеем купілі на дваіх пральную машыну. А рыхтуе мужчына тут жа, у пакоі, у мікрахвалевай печы, бо на агульную кухню трапіць досыць цяжка, там нязручны парог. Калі ж Пашковіч толькі засяліўся, яму далі іншы пакой, дзе ў блёку была прагнілая падлога, а з адной-адзінай аконнай рамы (другая была разьбітая) неміласэрна дзьмула. Але з часам ён змог пераехаць у лепшы, а ўваход у інтэрнат адмыслова для яго абсталявалі пандусам. Дык што жыць можна!
Пандус у інтэрнаце, дзе жыве Сяргей.
А ці зьбіраецца мужчына ў будучыні абзавесьціся сям'ёй? Сяргей шчыра адказаў, што на цяперашні момант ён не імкнецца да жаніцьбы, яму цалкам камфортна жыць аднаму. А потым будзе відаць. Жаночай увагай мужчына (паводле яго слоў) не абдзелены. Проста цяпер яго больш цікавіць праца над дысэртацыяй «Копінг-стратэгіі ў псыхалягічнай адаптацыі людзей з пашкоджаньнем апорна-рухальнага апарату». Сяргей ужо сёньня аказвае псыхалягічную дапамогу людзям, якія праз траўмы сталі вазочнікамі.
– Я не разьлічваю, што грамадзтва будзе аказваць мне дапамогу, таму што я інвалід-вазочнік, – кажа Сяргей. – Хачу ўсяго ў гэтым жыцьці дамагчыся самастойна.
Яўгенія Масквіна, vkurier.by