У Наваполацку 20 красавіка адбылася сустрэча грамадзянскіх актывістаў, якія аказваюць бязвыплатныя сацыяльныя паслугі жыхарам полацкага рэгіёну. Ініцыятарам сустрэчы сталі Супольнасьць хрысьціянскіх журналістаў і блогераў, РА «Хрысьціянская дзелавая ініцыятыва».
У двухгадзіннай дыскусіі ўдзельнічалі трынаццаць чалавек з розных грамадзкіх арганізацыяў. Прадстаўнікі цэркваў, рэлігійных, дабрачынных і грамадзкіх арганізацыяў, якія займаюцца сацыяльнымі праектамі, распавялі пра свой досьвед працы з грамадзянамі Беларусі і пра стасункі зь мясцовымі ўладамі.
Мадэратарам сэмінару быў Анатоль Шырвель, намесьнік галоўнага рэдактара парталу Krynica.info. Ён распавёў, што такія сэмінары праводзіліся ўжо ў розных рэгіёнах Беларусі, і падзяліўся досьведам розных сацыяльных практык зь іншых рэгіёнаў.
Віды сацыяльнага служэньня людзям вельмі разнастайныя – ад збору і раздачы бедным адзеньня, былога ва ўжытку, да працы з сацыяльнымі прытулкамі, зь дзецьмі-сіротамі і састарэлымі грамадзянамі. Апроч гэтага, у полацкім рэгіёне праводзяцца грамадзкія мерапрыемствы супраць абортаў, супрацьдзеяньне алькагольнай і наркатычнай залежнасьці грамадзян, аказаньне дармовай юрыдычнай дапамогі грамадзянам, якія жывуць у нястачы.
У наваполацкай сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі трох рэлігійных арганізацыяў (царква хрысьціян адвэнтыстаў сёмага дня, царква Божага Валадарства, Беларуская грэка-каталіцкая царква), палітычнай арганізацыі (аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»), Полацкай праваабарончай групы, Свабоднага прафсаюзу Беларускага, грамадзкай арганізацыі «Маці супраць наркотыкаў» і сацработнікі гарадзкога шпіталя.
Арганізатары сэмінара абяцаюць, што ўвесь досьвед сацыяльнага служэньня, сабраны па Беларусі, будзе прааналізаваны і выкарыстаны ў адмысловым выданьні для шырокага кола грамадзян. Усе людзі, якія жадаюць далучыцца да дабрачыннай дзейнасьці на карысьць грамадзтва, змогуць азнаёміцца з досьведам служэньня і ажыцьцявіць свой сацыяльны праект.
Аляксандар Марозаў