З надыходам эканамічнага крызысу на віцебскіх рынках усё часьцей можна сустрэць людзей, якія займаюцца несанкцыянаваным гандлем. Пакупнікам прапануюць ужыванае адзеньне і абутак, кнігі, выдадзеныя за савецкім часам, прадукты харчаваньня з хатняй гаспадаркі і разнастайныя іншыя рэчы, прыдатныя, на думку ўладальнікаў, для продажу.
Такі від гандлю, які ў народзе атаясамліваецца з паняцьцямі “блышыны рынак” і “барахолка”, вядомы з 17 стагодзьдзя. Лічыцца, што ён упершыню ўзьнік у Францыі, у адным з парыскіх прыгарадаў.
Сёньня блышыныя рынкі распаўсюджаныя амаль ва ўсім сьвеце. Нават у такіх заможных краінах, як Англія, Швэцыя і Нямеччына, існуюць кірмашы-барахолкі. Гандаль старымі рэчамі ў многіх гарадох сьвету зьяўляецца адметнай мясцовай зьявай, якая прываблівае нават замежных турыстаў.
У Беларусі ж такі від гандлю застаецца па-за законам. Аднак насуперак афіцыйнаму заканадаўству стыхійна арганізаваныя блышыныя рынкі не спыняюць сваё існаваньне.
Так, стыхійны гандаль ля Полацкага рынку ў Віцебску – зьява звычайная. Найчасьцей тут прапануюць прадукты з хатняй гаспадаркі, старыя рэчы, а таксама самаробныя вырабы. Асаблівае ажыўленьне на такіх кірмашах назіраецца ў выходныя. Да прыкладу, у мінулую пятніцу ля Полацкага рынку гандлявала некалькі дзясяткаў чалавек. І нават умяшаньне праваахоўных органаў не спужала гандляроў. У суботу-нядзелю іх колькасць перавысіла сотню.
Наколькі ж запатрабаваны такі гандаль? Што вымушае людзей займацца ім? На які прыбытак разьлічваюць гандляры на блышыных рынках?
Аб гэтым мы паспрабавалі даведацца на стыхійным кірмашы ля Полацкага рынку.
Мужчына, які гандлюе старымі кнігамі, агледзеў нас зь недаверам, аднак усё ж расказаў, што кошт на свой тавар называе ў залежнасьці ад таго, хто зьяўляецца патэнцыйным пакупніком. Прыбытак невялікі. Але на тое, каб вечарам выпіць і закусіць, хапае.
Дзьве жанчыны пэнсійнага веку прадаюць старое адзеньне. Прыйшлі з такой мэтай упершыню. Пакуль у іх нічога не купілі. Але гэта не асабліва засмучае жанчын.
– Нават калі нічога ня зможам прадаць, гэта ня страшна, – падзялілася сваімі думкамі адна зь іх. – Галоўнае, што тут мы можам пагаварыць зь іншымі людзьмі.
Астатнія адказы гандляроў на стыхійным рынку не асабліва адрозніваліся ад ужо названых. Людзі прыходзяць сюды найчасьцей зь дзьвюх асноўных прычынаў – з-за цяжкага эканамічнага становішча або з-за імкненьня пазбавіцца ад адзіноты.
На сёньняшні дзень бачыцца неабходнасьць у прававым урэгуляваньні такога роду дзейнасьці. Важна стварыць спрыяльныя ўмовы для функцыянаваньня блышыных рынкаў, каб людзі, што хочуць прадаць прадукты і рэчы са сваіх хатніх сховішчаў, маглі зрабіць гэта спакойна, не баючыся штрафных санкцыяў.