Аднак абяцаньне зрабіць жыцьцё людзей з абмежаванымі магчымасьцямі больш камфортным – толькі ў загалоўку артыкулу. Зьмест нататкі далёка не суцешны.
Зразумела, для інваліда-вазочніка вялікай праблемай зьяўляецца пражываньне ў «дамох старой пляноўкі, дзе ліфты і месцы агульнага карыстаньня не разьлічаныя на бесьперашкоднае перасоўваньне людзей з абмежаванымі магчымасьцямі», як сказана ў артыкуле. Праўда, адразу пасьля загалоўку – «У Віцебскай вобласьці інвалідаў будуць перасяляць на першыя паверхі» – падаецца статыстыка. Зь яе вынікае, што клопат пра інвалідаў – далёка не новаўвядзеньне, а даўняя практыка. Якая, на жаль, увасабляецца ў жыцьцё дужа маруднымі тэмпамі. І, па-сутнасьці, праблему не вырашае. Так, за ўвесь 2015 год «за кошт кватэр, адведзеных для паўторнага засяленьня», жытло на першым паверсе атрымаў усяго адзін інвалід-вазочнік. І яшчэ даўней, у 2012-2013 гадах – яшчэ трое жыхароў Віцебшчыны.
Нескладаны аналіз гэтых лічбаў вядзе да простай высновы: даваць гучныя абяцаньні на старонках абласной газэты значна прасьцей, чымся вырашаць праблему практычна. У Віцебскай вобласьці жывуць некалькі соцень людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, якія гадамі не выходзяць на двор і вымушаныя існаваць у закрытай прасторы сваіх кватэраў. Прычым праблемы маюць нават «шчасьліўчыкі» зь першых паверхаў: на прыступках не прадугледжаныя пандусы, і сваякам даводзіцца або змушаць рабіць іх супрацоўнікаў ЖКГ, або майстраваць самім з падручных матэрыялаў.
Праваабарончы цэнтар «Вясна»