Былы жыхар вёскі Паўлавічы Віцебскага раёну, спаленай на загад уладаў у 2012 годзе, Андрэй Салаўёў ня змог у дзень 70-годзьдзя Перамогі ў Другой сусьветнай вайне аддаць даніну памяці ваяру, які ўступіў у няроўны бой з праўзыходнымі сіламі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Месца пахаваньня невядомага салдата аказалася зьнішчаным – не засталося нават грудка.
Зьнішчэньне вёскі Паўлавічы ў сьнежні 2012 году выклікала шырокі розгалас. Жыхары, якія ў выніку страцілі маёмасьць, зьвярталіся ў розныя інстанцыі, каб атрымаць кампэнсацыю. Але ўсе іх высілкі аказаліся марнымі.
Ці не адзіным, што ацалела ў вёсцы пасьля праведзенай апэрацыі па яе зьнішчэньні, заставалася месца пахаваньня невядомага салдата, што знаходзілася на яе тэрыторыі. Магіла абаронцы Віцебску, які загінуў у 1941 годзе, мела мэталёвую тумбу з зоркай і была абнесеная агароджай. Нават і пасьля спаленьня вёскі магілу даглядалі, да яе пастаянна прыносілі кветкі.
І раптам былыя жыхары спаленай вёскі даведаліся, што магілы героя вайны больш не існуе. Адзін зь вяскоўцаў, Андрэй Салаўёў, паспрабаваў даведацца ва ўладаў пра лёс месца пахаваньня. Аднак ні ў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску (у 1992 годзе землі вёскі былі перададзеныя ў распараджэньне гораду), ні ў Ноўкінскім сельскім савеце ён ня змог дамагчыся ад чыноўнікаў уцямнага адказу.
У выніку Андрэй Лукіч вырашыў зьвярнуцца ў пракуратуру. У сваёй заяве на імя пракурора гораду Віцебску ён просіць «даць прававую ацэнку зьнішчэньню месца пахаваньня воіна Чырвонай Арміі, які загінуў пры абароне Айчыны ад карычневай чумы». Як адрэагуе пракурор на заяву, даведаемся неўзабаве.