Калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду аднавіла права жыхара Віцебску Аляксандра Антоненкі на свабоду выезду за межы краіны. Ранейшае рашэньне старшыні суду Кастрычніцкага раёну Яўгена Бурунова, згодна зь якім права на выезд Антоненка было абмежаванае, калегіяй прызнанае незаконным і скасаванае.
Гэтая гісторыя пачалася ў красавіку бягучага году, калі Аддзел прымусовага выкананьня (АПВ) Кастрычніцкага раёну Віцебску зьвярнуўся ў суд, палічыўшы, што Аляксандар Антоненка не выплачвае грошы дзяржаве на ўтрыманьне свайго дзіцяці ў прытулку. Кіраўніцтва раённага АПВ папрасіла суд Кастрычніцкага раёну Віцебску абмежаваць спадару Антоненку права на выезд за межы краіны.
Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Яўген Буруноў пагадзіўся з довадамі АПВ і сваім вызначэньнем 9 красавіка абмежаваў права Антоненки на выезд за межы Рэспублікі Беларусь. Аднак апошні не пагадзіўся з такім рашэньнем суду і зьвярнуўся з прыватнай скаргай у Віцебскі абласны суд.
У сваёй скарзе Аляксандар Генадзевіч сьцьвярджаў, што зьяўляецца ахвярай судовай памылкі і прасіў скасаваць як незаконную і неабгрунтаваную судовую пастанову. Ён прывёў неабвержныя факты таго, што судзьдзя Буруноў, прымаючы рашэньне па ягонай справе, не ўлічыў адсутнасьць запазычанасьці па выплаце расходаў на ўтрыманьне дзіцяці.
Па стане на 1 лютага 2015 году пераплата выдаткаў на ўтрыманьне на карысьць аддзелу адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкаму складала 476 рублёў. На 9 красавіка, калі судзьдзя выносіў вызначэньне па справе, запазычанасьць таксама адсутнічала – наадварот, была пераплата ў памеры 31 тысячы рублёў. То бок спадар Антоненка выконваў свае абавязкі перад дзяржавай цалкам, і прэтэнзіяў да яго быць не павінна.
Аднак судзьдзя Буруноў вырашыў па-свойму і вынес вэрдыкт, які абмежаваў права законапаслухмянага грамадзяніна. Пры гэтым прадэманстраваў беспрэцэдэнтную некампэтэнтнасьць, які падрываў давер і да яго як судзьдзі і кіраўніка раённага суду, і да судовай сыстэмы ў цэлым. І толькі дзякуючы досьведу і прафэсіяналізму судзьдзяў Віцебскага абласнога суду судовая памылка была выпраўленая, а правы грамадзяніна былі адноўленыя.
Віцебская вясна