Невядома, колькі часу яшчэ ў залі судовых паседжаньняў Гарадоцкага райсуду не было б дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь, калі б ня пільнае вока сябра КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава. Актывіст заўважыў адсутнасьць гербу ў залі, напісаў скаргу на непарадак у судзе і неўзабаве атрымаў адказ, што ўсё выпраўлена – усе неабходныя сымбалі Рэспублікі Беларусь цяпер разьмешчаныя на сваіх месцах.
На адсутнасьць гербу ў залі судовых паседжаньняў Ян Дзяржаўцаў зьвярнуў увагу, калі прыехаў у Гарадок падтрымаць мясцовага актывіста Леаніда Аўтухова, якога судзілі паводле адміністрацыйнай справы. Сваю скаргу ён выклаў у кнізе заўвагаў і прапановаў суду.
«Я пісаў пра тое, што ў судовай залі не было дзяржаўнага гербу, а быў толькі сьцяг, што зьяўляецца грубым парушэньнем артыкулу 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, – распавёў Ян Дзяржаўцаў. – Спасылкі на тое, што ў судовай залі на момант судовага паседжаньня быў рамонт, зьяўляюцца ілжывымі з боку кіраўніцтва суду. Гэта могуць засьведчыць удзельнікі працэсу і прысутныя. Сьцяг ў залі быў, а гербу не было. Хутчэй за ўсё, пра яго забыліся і своечасова не прымацавалі да сьцяны. Тое, што яго не было ў залі, зьяўляецца ганьбай для супрацоўнікаў Гарадоцкага суду. І за гэта яны павінны панесьці пакараньне згодна з заканадаўствам».
Віцебская вясна