20 красавіка адбыўся сход сяброў гаражна-спажывецкага каапэратыву №3 Віцебску. Упершыню за апошнія некалькі гадоў на сход сабралася неабходная колькасьць удзельнікаў, таму рашэньні, прынятыя прысутнымі чальцамі каапэратыву, нарэшце можна прызнаць легітымнымі.
На самым пачатку сходу ГСК-№3 начальнік аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкаваньня адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Сяргей Саглаеў пажадаў прысутным плённай працы і найгалоўнейшай задачай вылучыў абраньне кіроўных органаў каапэратыву. Рэч у тым, што апошнія некалькі гадоў праца кіраўніцтва каапэратыву выклікае, мякка кажучы, шмат пытаньняў з боку ягоных шараговых чальцоў, якія, шукаючы дапамогі, для вырашэньня ўзьніклых пытаньняў зьвярталіся ва ўсе ўладныя структуры – пачынаючы ад адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску і заканчваючы прыёмнай прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Але, як гэта зазвычай бывае, вышэйшыя інстанцыі адсылалі скаргі ў тыя мясцовыя органы, якія да таго не паспрыялі скаржнікам у вырашэньні агучаных імі пытаньняў. Можна толькі здагадвацца, колькі крыўды і незадаволенасьці было назапашана ў сэрцах людзей, якія доўга шукалі праўды.
Пра тое, што праблемы існавалі і звароты скаржнікаў мелі пад сабой рэальныя падставы, ускосна сьведчыць той факт, што з усіх чальцоў праўленьня каапэратыву на справаздачна-выбарны сход зьявіўся толькі адзін яго прадстаўнік. Дый той, што найчасьцей не пагаджаўся з рашэньнямі, якія прымаліся на паседжаньнях праўленьня. На сходзе адсутнічаў і старшыня каапэратыву, які мусіў трымаць справаздачу – відаць па ўсім, ня здолеў адшукаць пераканаўчых аргумэнтаў, каб хоць неяк апраўдаць сваю дзейнасьць на займаемай пасадзе. Нават той факт, што разьліковы банкаўскі рахунак каапэратыву быў адкрыты толькі месяц таму, можа шмат сказаць пра ўзровень фінансавай празрыстасьці і наяўнасьць магчымасьцяў для незаконных маніпуляцыяў з грашовымі сродкамі.
Сход распачаўся справаздачай старшыні рэвізійнай камісіі, які мусіў пераканаць прысутных у законным выкарыстаньні кіраўніцтвам ГСК грашовых сродкаў каапэратыву, якія складаюцца з абавязковых штогадовых унёскаў яго чальцоў і разавых збораў, прызначаных для вырашэньня незаплянаваных тэрміновых задачаў. Прамоўца доўга ня мог знайсьці свае паперы, а калі гэта яму ўдалося, склалася ўражаньне, нібыта са зьместам справаздачы ён сутыкнуўся ўпершыню, таму даклад атрымаўся скамечаным і непераканаўчым. Асабліва эмацыйна заля адрэагавала на агучаныя памеры заробкаў, прапісаныя у штатным раскладзе, і на суму сродкаў, выдаткаваных на прыборку сьнегу ў гэты амаль бясьсьнежны год. Нягледзячы на тое, што рэвізійная камісія ня выявіла ў працы кіраўніцтва каапэратыву ніякіх грашовых парушэньняў, прысутныя пачалі выказваць свае прэтэнзіі, але так і не атрымалі адказу, які б іх задаволіў.
Трэба адзначыць, што прадстаўнік раённай адміністрацыі даволі ўдала паўплываў на станоўчую працу сходу, знайшоўшы неабходныя словы, каб патушыць эмацыйныя агеньчыкі абурэньня, што час ад часу ўзьнікалі ў прысутных з нагоды супярэчлівых лічбаў і выказваньняў. У выніку прадукцыйнай працы ўдалося абраць новых чальцоў праўленьня каапэратыву і сяброў рэвізійнай камісіі. Тут жа на сходзе амаль аднагалосна быў абраны і новы старшыня ГСК №3, ім стаў Мікалай Палойнікаў. Цяпер абранае кіраўніцтва мусіць зрабіць працу праўленьня празрыстай і зразумелай.
Напрыканцы сходу спадар Саглаеў адзначыў, што каапэратыў зьяўляецца самастойнай юрыдычнай адзінкай, таму ўсе пытаньні, якія ўзьнікаюць, мусяць вырашацца чальцамі гэтага каапэратыву з апірышчам на дзейнае заканадаўства. У якасьці яскравага прыкладу актыўнага ўдзелу шараговых чальцоў у працы каапэратыву ён прывёў канкрэтны факт, агучаны на сходзе жанчынай, якую прысутныя абралі ў склад рэвізійнай камісіі: за адзін вечар яна патэлефанавала больш як двумстам сябрам каапэратыву, у выніку чаго цяперашні сход і займеў неабходны кворум. Дзякуючы гэткаму неабыякаваму стаўленьню можна вырашаць любыя ўзьніклыя праблемы і не дапускаць іхнага абвастрэньня.
Удзельнікі сходу выказалі прэтэнзіі і ў адрас раённай адміністрацыі. Бо, на іх думку, ня ўсё залежыць толькі ад працы чальцоў каапэратыву – мясцовыя ўлады таксама маюць свае дзейсныя вагары ўплыву на працу праўленьня каапэратыву. Як сьцьвярджаюць скаржнікі, калісьці адміністрацыя падтрымлівала вылучэньне на пасаду старшыні асобаў, якія нават не зьяўляліся чальцамі каапэратыву. А на скаргі з боку шараговых чальцоў рэагавала фармальна, без праверкі рэальнага стану рэчаў.
Як паказвае практыка, да працы кіраўнікоў ГСК, якіх на тэрыторыі Віцебскага раёну і гораду існуе нямала, заўжды існавала шмат пытаньняў. Злоўжываньні службовым становішчам часьцяком паўстаюць пры маўклівым патураньні шараговых чальцоў, якія не прыкладаюць намаганьняў для кантролю за дзейнасьцю абраных імі органаў. Атрымлівацца гэтаксама, як і ў дзяржаве: альбо народ кантралюе працу дзяржаўных структураў, і тады гэта – дэмакратыя; альбо дзяржава цалкам падпарадкоўвае і рэглямэнтуе жыцьцё і дзейнасьць асобнага чалавека і грамадзянскай супольнасьці, і тады гэта – таталітарызм.
Віцебская вясна