На сёлетнюю Радаўніцу надвор'е не абяцала нічога добрага: пахмурнае неба, вецер, нават дробны град з раніцы сыпануў на зямлю шчодрай жменяй дробнага белага гароху. Здавалася, народ перанясе сьвята ў замкнёныя межы сваіх кватэр, але насуперак прагнозам сыноптыкаў пасьля поўдня распагодзілася: і сонейка прабілася праз хмары, і тэмпэратура папаўзла ўгару, і грамадзяне прыйшлі аддаць даніну павагі і памяці сваім продкам.
Людзі дружна ішлі пешкі, пад'яжджалі на машынах, за разьмяшчэньнем якіх уважліва сачылі прадстаўнікі ДАІ. Але, нягледзячы на вялікую колькасьць народу, было відавочна, што кожны асобна перажываў гісторыю жыцьця сваіх продкаў і занадта не выстаўляў напаказ свае эмоцыі. Асабліва кантактаваць ніхто не хацеў. І мне падалося, што ў нейкай ступені Радаўніца, як, дарэчы, і Тройца, засталася для звычайнага беларуса ці не адзіным месцам, на якое не распасьціраецца ўлада дзяржавы, што зрабіла падкантрольнай сабе амаль ўсе сфэры чалавечага жыцьця.
Па вялікім рахунку, у кожнага сёньня была свая Радаўніца: нехта суадносіў гэта з хрысьціянскімі абрадамі, нехта сьвядома ці несьвядома ўжываў элемэнты паганства, а хтосьці наўпрост прытрымліваўся сямейных традыцыяў, але разам з тым ніхто не навязваў сваіх поглядаў іншым. Таму ў нейкай ступені, як гэта ня дзіўна, для тутэйшага чалавека могілкі сталі на сёньня тэрыторыяй пэўнай свабоды. Можа, адсюль вынікае і вялікае штогадовае паломніцтва нашага насельніцтва да магілаў продкаў?
Вось тры жанчыны, прадстаўнікі трох пакаленьняў адной сям'і, падышлі да магілаў сваіх сваякоў, прыйшлі з пафарбаванымі чырвонымі яйкамі, кветкамі, але без напояў і ежы. Дарэчы, гэткі хрысьціянскі падыход да сьвята праяўляецца ўжо даволі відавочна. Як адзначае старэйшая з жанчын, за савецкімі часамі на Радаўніцу хадзілі пасьля працы, і колькі яна сябе памятае, на могілкі ў гэты дзень хадзілі заўжды.
– Мо' таму, што Старасямёнаўскія клады ўзьніклі даволі даўно, на Радаўніцу людзі зьбіраліся сюды заўжды. Зьбіраюцца родныя, блізкія, знаёмыя, і радуюцца, калі ўсе наведваюць. Вялікдзень – гэта сьвята жывых, а вось Радаўніца – сьвята і для жывых, і для памерлых. Людзі прыходзяць падзяліцца радасьцю ўваскрэсеньня Хрыста з пахаванымі, – кажа паважнага веку кабета.
– Я вось ужо не маладая жанчына, але колькі сябе памятаю, мае бацькі заўжды наведвалі могілкі на Радаўніцу, а вось на Тройцу імкнуліся зьехаць да сваякоў у вёсцы. Тут у нас тата, мама пахаваныя, а вось наша Наташа, яна рана памерла, працавала ў адміністрацыі Лукашэнкі загадчыцай аддзелу. Гэтыя ўсе помнікі зрабіў яе бацька, ён скульптар. Але ж вандалы папсавалі твар, адбілі нос, думалі бронза. Дык мы надпіс зрабілі: «Зроблена з бэтону».
У гэты момант на суседняй магіле ад зьнічкі загарэліся штучныя кветкі, і мужчына кінуўся заліваць зьнянацку ўзьніклы пажар.
На Старасямёнаўскіх могілках пахаваны і настаўнік Марка Шагала Іегуда Пэн. Разам са мной да магілы падышла група зь пяці наведнікаў. Даволі жвавая маладая жанчына абураецца тым фактам, што нягледзячы на наяўнасьць у мінулай гісторыі гораду толькі двух сусьветна вядомых мастакоў – Шагала і Пэна, асаблівай пашаны да пахаванага тут мастака няма.
– Хіба такі чалавек заслугоўвае гэткага помніка на сваёй магіле? Будаўніцтва ідзе поўным ходам, грошы ў горадзе ёсьць, а прыстойнага помніку няма. Вось пра гэта вы і напішыце. Калі мы адпачывалі ў Ніцы, то бачылі вялізны музэй Пікасо, і там частка экспазыцыі адведзеная для Пэна, і частка – для Шагала. А ў нас нават грошай на прыстойны помнік не знайшлося. Прыкра.
Наведаў могілкі і настаяцель Аляксандр Кавалёў, кіраўнік аддзелу па справах моладзі Віцебскай эпархіі. Вось што сказаў сьвятар наконт сёньняшняга сьвята:
– Радаўніца – гэта дзевяты дзень Пасхаліі. Таму на дзевяты дзень пасьля ўваскрэсеньня Хрыстова ўсе вернікі наведваюць могілкі. Гэтае сьвята нясе ў сабе вельмі добры выхаваўчы момант для маладых людзей, бо пакаленьне сёньняшніх дзяцей і падлеткаў абсалютна не адчувае ў сабе ніякай пашаны да тых, хто жыў да іх. У сумесным наведваньні могілак з прадстаўнікамі старэйшага пакаленьня якраз і заключаецца найгалоўнейшы выхаваўчы момант. Мы ня можам не маліцца за тых, хто крочыў у вечнасьць, бо мы заўжды сьцьвярджаем, што мы людзі любячыя. А калі так, то мы мусім праз усё жыцьцё вучыцца гэтай боскай сапраўднай любові. Што мы акрамя малітвы можам зрабіць для тых, хто даўно ляжыць у магіле? Усе мы грэшныя. І ведаю дакладна, пакуль яны былі жывыя, то маглі зьмяняць сваё жыцьцё і самі зьмяняцца, але як толькі яны памерлі – усё на гэтым скончылася. Але ж мы іх любім і праз сваю малітву падтрымліваем сваіх памерлых сваякоў. І сёньня мы ня можам быць безуважнымі, мы просім у Госпада прабачыць грахі нашых блізкіх. Альтэрнатывы гэтаму няма. Але трэба памятаць, што хаўтурны сьняданак – гэта не галоўнае, галоўнае – успомніць нябожчыка, прачытаць малітву, памянуць добрым словам, ускласьці кветкі. Пакіданьне ж ежы на могілках – гэта ўсё са сфэры народных паданьняў. Рэлігійнае невуцтва. Але ж для любога верніка кіраўніцтвам для жыцьця заўжды мусіць быць тэкст Сьвятога пісаньня.
Калі я сыходзіў з могілак, падалося, што на адну з крайніх магіл зышоў анёл – гэтым анёлам сталася дзяўчынка, апранутая, як і яе маці, у адзеньне белага колеру...
С. Горкі