Найбольш істотныя парушэньні прыродаахоўнага заканадаўства ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах дапускаюць прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, якія маюць жывёлагадоўчыя аб'екты. Пра гэта паведаміла старшая памочніца пракурору раёну Натальля Барысенка па выніках праверкі сумесна з супрацоўнікамі міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.
«Кантроль тычыўся выкананьня заканадаўства пра забарону і абмежаваньне гаспадарчай і іншай дзейнасьці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах водных аб'ектаў. Выяўлена, што юрыдычнымі асобамі, разьмешчанымі на тэрыторыі раёну, дапускаюцца парушэньні прыродаахоўнага заканадаўства, у частцы выкананьня патрабаваньняў артыкулу 77 Воднага кодэксу Рэспублікі Беларусь», – адзначыла супрацоўніца пракуратуры.
На фэрме КУСГП «Вымна» было зафіксавана значнае нагрувашчаньне вадкіх фракцыяў арганікі, складаваньне якой ажыцьцяўляецца без абвалоўкі. Праз схіл ад фэрмы арганіка трапляе ў яр, а пасьля – у возера Вымна. Апроч таго, тут арганізаваны несанкцыянаваны сьметнік бытавых адходаў, маецца нагрувашчаньне раскіданых парэшткаў жывёлаў. Аналягічныя парушэньні выяўленыя і падчас абсьледаваньня фэрмы «Варашылы» КУСГП «Пестуніца».
Небясьпечна для навакольнага асяродзьдзя працуе малочна-таварная фэрма «Котава» (КУСГП «Вымна»). Тут не даюць рады па вывазе арганікі і абвалоўцы месцаў яе захоўваньня, што стварае пагрозу забруджваньня ракі Вымнянка ў выпадку выпадзеньня багатых ападкаў.
Нагрувашчаньне арганікі на МТФ «Котава»
Сьметнік паблізу фэрмы «Вымна»
pridvinje.by