Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага Камітэту ў Віцебску Павал Левінаў атрымаў адказ з абласной міліцыі наконт вулічных раздатчыкаў савецкіх сьцяжкоў.
“Там сказана, што для правядзеньня праверкі мая заява перасланая ў раённую міліцыю па месцы, дзе адбылося здарэньне. Я прасіў кіраўніка абласной міліцыі ўзяць на кантроль гэтую сытуацыю. Але, зыходзячы з адказу, зразумеў, што на кантроль нічога ня ўзята”, – паведамляе Левінаў.
Нагадаем, на пачатку красавіка па інтэрнэце разышлася інфармацыя пра раздатчыкаў савецкіх сьцяжкоў у Віцебску. У прыватнасьці, сам Левінаў сфатаграфаваў такіх актывістаў на вуліцы Церашковай. Таксама папулярнасьцю ў інтэрнэтчыкаў карысталася гісторыя пра аўтамабіліста, які выбіў зубы аднаму з “глуханямых” раздатчыкаў, які прапанаваў яму савецкі і расейскі сьцяжкі. Пасьля гэтага "глуханямы", нібыта, загаварыў.
Левінаў праводзіць аналёгію з украінскімі падзеямі. У Крыме, на Данбасе і ў цэнтральнай частцы Ўкраіны да вайны таксама актыўна раздавалі савецкія і расейскія сьцяжкі. Такія ж дзеяньні ў Беларусі, як лічыць праваабаронца, нясуць патэнцыйную небясьпеку.
“Камусьці гэта патрэбна мэтанакіравана. Гэта ж не адзін дурань бегае па Беларусі і нешта раздае. Гэта плянамерная акцыя. Праміргаўшы такое і яшчэ пэўныя моманты, мы ў пэрспэктыве можам праміргаць сувэрэнітэт”, — выказвае меркаваньне Левінаў.
euroradio.fm