Пасьля зваротаў у Вярхоўны Суд праваабаронцу Паўлу Левінаву ўдалося дамагчыся выпраўленьня хібаў у працы судоў Чыгуначнага раёну Віцебску і Лепельскага раёну Віцебскай вобласці, якія ўзьніклі празь недастатковы кантроль з боку кіраўніцтва судоў за дзейнасьцю сваіх падначаленых і неналежнае захоўваньне маёмасьці.
Увесь цывілізаваны сьвет, далучыцца да якога, спадзяюся, мае намер і наша краіна, імкнецца да пабудовы трывалай прававой сыстэмы, якая мусіць стаць гарантам справядлівых, прававых узаемадачыненьняў паміж грамадзянінам і дзяржавай. І добра, калі канфлікты, што ўзьнікаюць паміж імі, вырашаюцца выключна ў межах прававога поля.
Улічваючы недасканаласьць чалавечае істоты, цяжка ўявіць час, калі асобныя грамадзяне перастануць парушаць закон. Але стакроць цяжэй зьмірыцца з тымі фактамі, калі ў ролі парушальнікаў выступаюць прадстаўнікі судовай сыстэмы.
Простыя грамадзяне мусяць добра ўсьведамляць, што бязь іхнага актыўнага кантролю за дзейнасьцю асобных чыноўнікаў дзяржава няздольная стварыць справядлівую прававую сыстэму. На Віцебшчыне ў ролі гэткага сьвядомага барацьбіта з недасканаласьцю судовай сыстэмы не ўпершыню выступае праваабаронца Павал Левінаў.
Так, пастановай суду Чыгуначнага раёну Віцебску ад 17 сьнежня 2014 году за парушэньне вызначанага парадку арганізацыі і правядзеньня пікетаваньня Павел Язэпавіч быў аштрафаваны ў памеры 25 базавых велічыняў (тады гэта складала 3 мільёны 750 тысяч рублёў). Пагадзіцца зь несправядлівым, на ягоную думку, рашэньнем суду, якое супярэчыць асноўным дэмакратычным прынцыпам, спадар Левінаў ня змог. Таму праз абнародаваньне прыкладаў неналежнага выкананьня заканадаўства судамі і іх служкамі вырашыў прадэманстраваць сваю маральную перавагу, як грамадзяніна, над свавольствам судовай сыстэмы.
Спадар Левінаў высьветліў, што інфармацыя, разьмешчаная на стэндзе Чыгуначнага суду Віцебску ад 10 студзеня «ўводзіць грамадзян у зман, а менавіта, пазначае, што памер базавай велічыні ў адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў РБ ад 25 сакавіка 2014 г. № 255 "Аб устанаўленьні памеру базавай велічыні" складае 150 000 рублёў». І гэта пры тым ,што «ў адпаведнасьці з пастановай Савету Міністраў РБ ад 29 сьнежня 2014 году № 1255 …базавая велічыня вызначаная ў памеры 180 000 рублёў».
Спачатку па тлумачэньне праваабаронца зьвярнуўся да старшыні Чыгуначнага раёну Віцебску. У сваё апраўданьне старшыня суду Раіса Лупянкова паведаміла, што 3 лістапада 2014 году «нявысьветленая асоба» зьняла «з інфармацыйнага стэнду, разьмешчанага на 1-м паверсе будынку суду, інфармацыю аб вызначэньні памеру базавай велічыні… ў суме 150 000 рублёў». А пасьля, 10 студзеня 2015 году, тая самая асоба замест інфармацыі пра сэмінар разьмясьціла на стэндзе раней зьнятую інфармацыю.
Апрача гэтага парушэньня, 11 сакавіка Павал Левінаў заўважыў, «што на будынку суду Чыгуначнага раёну г. Віцебску на больш як двухмэтровай вышыні ўсталяваная шыльда, згодна зь якой гэты суд падведамасны Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь», а не Вярхоўнаму Суду РБ, як насамрэч.
Адзначыўшы згаданыя факты, Павал Левінаў даслаў у Вярхоўны Суд скаргу, у якой паставіў пад сумнеў законнасьць вынесенага яму прысуду і папрасіў сярод іншага зрабіць неадкладныя захады для навядзеньня належнага парадку ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску.
У сваім другім лісьце ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь спадар Левінаў у якасьці дадатковага прыкладу, які сьведчыць пра недастатковы кантроль з боку кіраўніцтва асобных судоў за дзейнасьцю падначаленых і неналежнае захоўваньне маёмасьці, прывёў факт, выяўлены 16 сакавіка ў Лепелі. Павал Левінаў убачыў, што «на будынку суду Лепельскага раёну Віцебскай вобласьці на месцы разьмяшчэньня Дзяржаўнага Сьцягу Рэспублікі Беларусь знаходзіцца нейкае абшарпанае палотнішча з колерамі Дзяржаўнага Сьцягу Рэспублікі Беларусь». У такім стаўленьні да дзяржаўнай сымболікі ён угледзеў зьдзек са сьцягу і папрасіў Вярхоўны Суд зрабіць адпаведныя захады.
Скаргі, дасланыя праваабаронцам у Вярхоўны Суд, былі перанакіраваныя ў Віцебскі абласны суд, адкуль за подпісам ягонага старшыні Мікалая Хамічонка Левінаў і атрымаў адказы на ўзьнятыя ў лістох пытаньні. Старшыня Віцебскага абласнога суду паведаміў, што «ў цяперашні час на будынку суду Лепельскага раёну Віцебскай вобласьці размешчаны Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь, які адпавядае ўсім неабходным патрабаваньням. На адрас старшыні суду Нікіцінай В.Л. накіраванае прадстаўленьне аб неабходнасьці ажыцьцяўленьня пастаяннага кантролю за станам дзяржаўнай сымболікі Рэспублікі Беларусь у судзе. Апроч таго, старшыня суду Нікіціна В.Л. за неналежнае ўтрыманьне будынку ў адпаведнасьці з вызначанымі патрабаваньнямі па выніках працы за месяц дэпрэмаваная».
Што тычыцца фактаў парушэньняў, зафіксаваных праваабаронцам у судзе Чыгуначнага раёну, то памылковыя зьвесткі аб падпарадкаваньні суду «Міністэрству юстыцыі Рэспублікі Беларусь, ліквідаваныя», а «старшыні суду Чыгуначнага раёну г. Віцебску Лупянковай Р.К. строга ўказана на адсутнасьць належнай арганізацыі працы суду па агульных пытаньнях».
С. Горкі