У Гарадку распачаўся судовы працэс над сябрам партыі БНФ Леанідам Аўтуховым. Пачыналі судзіць актывіста паводле аднаго артыкулу, а потым перакваліфікавалі на іншы – з больш сур’ёзным пакараньнем.
Леанід Аўтухоў параўнаў начальніка раённай управы па працы, занятасьці і сацыяльным забесьпячэньні Пятра Прасолава з «тэрарыстам у Луганску і Данецку» – запіс з такімі словамі актывіст пакінуў у кнізе скаргаў райвыканкаму.
Пётар Прасолаў вырашыў, што гэта абраза, і напісаў заяву ў міліцыю. Цяпер гэты інцыдэнт разьбірае суд. Першае паседжаньне адбылося 30 сакавіка, і тады Леаніда Аўтухова пачалі судзіць паводле адміністрацыйнага артыкулу 9.3 – за «абразу, сьвядомае прыніжэньне гонару і годнасьці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме».
Пасьля судзьдзя Аляксандра Носава накіравала справу на дапрацоўку ў Гарадоцкі РАУС. Гэта было нечаканым для актывіста: ён прыйшоў у суд, каб удакладніць дэталі справы, і толькі тут даведаўся, што судзьдзя Гарадоцкага райсуду вынесла пастанову – перадаць справу назад у міліцыю. Паводле Леаніда Аўтухова, маладая судзьдзя зрабіла гэта, параіўшыся зь віцебскімі калегамі.
Судзьдзя Носава прапанавала яму зайсьці ў суд, каб паглядзець сваю справу, 4 красавіка. Тут ён і даведаўся, што цяпер яго вінавацяць у парушэньні адміністрацыйнага артыкулу 23.5 – за «абразу службовай асобы пры выкананьні службовых паўнамоцтваў асобай, не падначаленай па службе». І калі раней яму пагражала пакараньне памерам ад 4 да 20 базавых велічынь, то паводле новага артыкулу – ужо ад 20 да 50 базавых.
Толькі актывіст зайшоў у габінэт да судзьдзі, як тут жа зьявіліся супрацоўнікі Гарадоцкага РАУС і пазнаёмілі яго з новым пратаколам, выпісаўшы позву ў суд на 8 красавіка – суд па ранейшым артыкуле таксама быў прызначаны на гэтую дату.
Леанід Аўтухоў напісаў, што з пратаколам ня згодны. Актывіст кажа, што, напісаўшы пра «тэрарыста», ён меў на ўвазе стаўленьне чыноўніка да грамадзян. І ягонай мэтай было зьвярнуць увагу вышэйшага кіраўніцтва на незаконныя дзеяньні чыноўніка, бо кніга скаргаў пэрыядычна правяраецца начальствам спадара Прасолава.
Канфлікт з начальнікам раённай управы па працы, занятасьці і сацыяльным забесьпячэньні выйшаў праз тое, што Леаніда Аўтухова зьнялі з уліку ў цэнтры занятасьці. Актывіст перакананы, што гэта незаконна, і таму зрабіў запіс у кнізе скаргаў.
Спадар Аўтухоў страціў працу ў 2008 годзе – яго скарацілі пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў, куды ён балятаваўся. З тае пары больш як 40 разоў ён спрабаваў уладкавацца па накіраваньні цэнтру занятасьці. Але абяцаных вакансіяў на прадпрыемствах ці не было, ці яны аказваліся ўжо занятыя, ці праца не адпавядала ягонай кваліфікацыі. У лютым гэтага году актывіста зьнялі з уліку па беспрацоўі, бо ён, маўляў, адмаўляецца ад прапанаванага працаўладкаваньня. На думку Аўтухова, яго знарок зрабілі «палітычным дармаедам», бо ў раёне ведаюць пра ягоныя апазыцыйныя погляды.
svaboda.org