У хуткім часе спаўняецца год, як у Віцебску распачалі працу бясплатныя публічныя курсы «Мова нанова». Першы ўводны занятак правялі тады стваральнікі менскіх курсаў – журналіст Глеб Лабадзенка і філёляг Алеся Літвіноўская. Цяпер жа гэтай справай у горадзе займаюцца карэнны віцьбіч Сяргей Маркаў і журналістка Тацьцяна Дубоўская.
За гэты час штотыднёвыя курсы сталі папулярнымі і набылі пэўны розгалас у гарадзкім культурніцкім асяродку. З гэтай нагоды мы й вырашылі пагутарыць з тутэйшым заснавальнікам курсаў Сяргеем Маркавым.
У свой час Сяргей скончыў факультэт беларускай філялёгіі і культуры мясцовага ўнівэрсытэту. Цяпер працуе культарганізатарам у гарадзкім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вядзе на тэлебачаньні праграму «Вячэрні Віцебск», але ж курсы займаюць значную частку часу і жыцьця.
– Спадар Сяргей, перш як перайсьці да непасрэднай размовы пра курсы, хацелася б даведацца, як у Вашае асабістае жыцьцё прыйшла беларуская мова і наогул беларушчына?
– Мова, беларушчына – гэта рэальнае існаваньне, жыцьцё, натуральная зьява, якімі карыстаюся штодзённа. Як некалі казаў Стась Сілка: «Да беларушчыны я не прыходзіў, яна ад пачатку была са мной». Мне толькі застаецца паўтарыць гэтыя словы.
Колькі сябе памятую, з самага дзяцінства мне былі цікавыя беларускія кніжкі. Таму на свае народзіны патрабаваў ад бацькоў падараваць мне кніжку, напісаную па-беларуску. Бацькі зьдзіўляліся і не разумелі маёй цікавасьці да мовы.
Мова – гэта жыцьцё і космас, гэта ключык да беларускага сусьвету, гэта і натуральная зьява для кожнага тутэйшага беларуса. Амаль кожны расейскамоўны беларус у той ці іншай ступені разумее беларускую мову, таму цалкам выкрасьліць яе з нашага жыцьця немагчыма. Як ведаеце, курсы нашыя называюцца «Мова нанова», многія з такой назвай не згаджаюцца. Як гэта нанова мова? Я лічу, наша мова ў нас прапісаная, як генэтычны код, яе цяпер толькі трэба перазагрузіць, і усё будзе добра.
– Як жа яно адбылося ў рэальнасьці, ці то ты знайшоў курсы, ці мо' курсы знайшлі цябе?
– Хутчэй, я знайшоў курсы. Хаця курсамі я займацца і не зьбіраўся, але так сталася. Аднойчы, замаўляючы ў Глеба Лабадзенкі кнігу Рыгора Барадуліна «У неба пехатою», пачалі гаманіць зь ім пра курсы, і неяк так атрымалася, што той прапанаваў мне паспрабаваць. І я сабе сказаў: «А чаму б і не? Цікавая рэч, а чаму і не паспрабаваць!» Тады, аднак, я думаў толькі паспрыяць знайсьці для курсаў памяшканьне. Але неяк так пайшло, закруцілася. Дык што, можа, і курсы знайшлі мяне.
– Хто яшчэ дапамагае табе ў гэтай пачэснай дзейнасьці? Як вы рэклямуеце свае заняткі?
– Па-першае, гэта мая сувядоўца Тацьцяна Дубоўская, яна працуе у рэдакцыі газэты «Мы і час» нашага ўнівэрсытэту. Слухачы дапамагаюць, якія тэмы ўзьняць, каго ў госьці запрасіць, якога музыку паслухаць. І музыкі, і іншыя нашы госьці вельмі добра ставяцца да курсаў і з радасьцю іх наведваюць. Ня трэба асабліва нікога ўгаворваць. Вось зараз да нас прыедзе Кастусь Ларкоў – вельмі знакаміты, раскручаны наш брэнд з Верхнядзьвінску. Я пытаюся: «Можа, муку трэба набыць?» – А той: «Не-не, мне толькі стол пастаўце, дзе можна цеста раскатаць, усё астатняе я прывязу з сабой». Людзі ідуць насустрач. І яшчэ я ўдзячны аддзелу культуры гарвыканкаму за памяшканьне.
Ад пачатку мы не шукалі нейкіх андэрграўндных памяшканьняў, бо лічылі, што ў гэтай справе трэба выходзіць на дзяржаўны ўзровень. Мы лічым, што мова – гэта звычайная зьява сацыяльнай і культурніцкай камунікацыі, што мы павінны дапамагаць людзям валодаць ёй, не хавацца, а, наадварот, выходзіць на большыя пляцоўкі. Мы маем задумку зрабіць курсы, так бы мовіць, на вольнай пляцоўцы, на паветры. Скажам, ля ратушы, каб людзі шырэй пабачылі, што мы ёсьць, бо сродкаў для нейкай масіраванай рэклямы ў нас не хапае. Звычайна рэкляма ідзе праз сацыяльныя сеткі, інтэрнэт, але гэтага відавочна недастаткова.
– Хто наведвае курсы? Ці то тыя, хто ўжо валодае мовай, або тыя, хто толькі пачынае рухацца ў гэтым кірунку?
– Ёсьць, вядома, людзі, якія ведаюць мову, але яны прыходзяць выключна з той мэтай, каб пабыць у беларускамоўным асяродку, паразмаўляць, сустрэцца. Але ж большую частку складаюць тыя, хто альбо трошачку ведае мову, альбо зусім яе ня ведае. Дык вось менавіта ім вельмі цікава.
Вось, напрыклад, да нас прыходзіць жанчына з дарослай дачкой. Яны ведаюць расейскую, украінскую, а беларускай ня ведаюць. Дык вось у іх такая цікавасьць да мовы. На жаль, інтэрнэтам карыстаюцца ня ўсе, таму рэклямы не хапае. Людзі больш сталага ўзросту застаюцца па-за ўвагай. Вялікую частку нашых наведнікаў складае моладзь, але ёсць і людзі больш сталага ўзросту. Скажам, за сорак, за пяцьдзесят гадоў. У нас ёсць слухачка Раіса Лявонцьеўна – ёй 74 гады. Яна вельмі хацела, каб ёй уручылі студэнцкі білет. Яна вельмі актыўна працуе, актыўна ўдзельнічае, бо ў нас няма ніякіх узроставых ці сацыяльных абмежаваньняў.
І ня варта думаць, што да нас прыходзіць толькі інтэлігенцыя. Адзінае, ад чаго мы адмяжоўваемся: «Мы па-за палітыкай і па-за рэлігіяй». Але, калі ў нас была тэма «Каханьне», нас наведаў вельмі цікавы чалавек, айцец Тамаш з касьцёлу сьвятой Барбары, які зусім нерэлігійна распавёў прысутным пра каханьне. Было вельмі клясна.
– Што за патрэба змушае людзей вывучаць мову, якая амаль не выкарыстоўваецца ў штодзённых сацыяльных зносінах?
Разумееце, у чым справа: калі людзі ідуць на курсы ангельскай ці польскай мовы, іх падбухторвае нейкая жыцьцёвая неабходнасьць – скажам, турыстычная паездка, праца. А тут людзі прыходзяць з асэнсаваньнем таго, што трэба нешта рабіць, колькі можна быць невукамі.
Да таго ж, ведаеце, у рэальным жыцьці адбываюцца даволі кур’ёзныя выпадкі. Як казаў адзін чалавек, некаторыя ня ведаюць нават таго, што такое «кашуля». І ўдвая прыкра, калі на гэтае пытаньне ведаюць адказ расейцы, што экзамэнуюць сваіх тутэйшых сваякоў, якія прастадушна лічаць, што «кашуля» – гэта маленькая котка. Ну яшчэ, можа, наведваюць дзеля цікавасьці. У нас не акадэмічныя заняткі, у нас больш інтэрактыўнае шоў, дзе слухачы самі зьяўляюцца яго непасрэднымі ўдзельнікамі.
– Ці зьмянілася ў сувязі з распачатымі курсамі тваё асабістае жыцьцё?
– Вядома, зьмянілася. Калі чалавек мае сям’ю, утвараецца звыклы лад жыцьця: праца, дом, у выходныя – на лецішча. Цяпер жыцьцё забурліла. Цяпер у мяне такі стан, нібы трапіў ізноў у студэнцтва. Не праходзіць ніводнага дня бязь нейкай арганізацыйнай працы, без перамоваў. Тыя ж курсы прывялі мяне на тэлебачаньне. Трэба рыхтавацца і да этэру, і да курсаў таксама. Зьявіліся новыя людзі, новае кола знаёмых. Старыя сябры, вядома, застаюцца старымі сябрамі, але ж зьяўляюцца людзі, якія думаюць з табой у адным кірунку ў сфэры культуры, мовы. Гэтыя людзі неабыякавыя да становішча нашай культуры, яны валянтэры, жыцьцё якіх праходзіць пад дэвізам: «Ну штосьці ж павінна рабіцца у гэтым жыцьці бяз грошай». Выходных няма.
– Колькасьць наведнікаў пашыраецца, або яна застаецца пастаяннай у нейкіх пэўных межах?
– Ёсьць нейкі касьцяк чалавек дваццаць, які прыходзіць заўжды. Гэты актыў прыводзіць з сабой новых людзей. Хтосьці прыходзіць дзеля цікавасьці. Напрыклад, прыехаў да нас гурт «Рэлікт» з выступам – прыходзяць зацікаўленыя, якім, можа, нашыя ранейшыя госьці былі не цікавыя. Хтосьці прыходзіць на пэўную канкрэтную тэму, заняткі адбываюцца весела, чаму не прыйсьці. Тыя, хто ведае беларускую мову, прыходзяць час ад часу. І хаця ў сацыяльных сетках пішам, што у нас модныя бясплатныя слушныя курсы для ўсіх ахвотных, уваход вольны, – усё адно пытаюцца: «А што трэба браць з сабой, а што трэба зрабіць, каб патрапіць на вашыя курсы?». Нічога ня трэба рабіць – проста прыходзьце, і гэтага будзе дастаткова. А вось асадку вазьміце з сабой.
– Якія пляны маеце на найбліжэйшы час, і які плён ужо адчуваеце ад сваёй працы?
– Самае галоўнае, што хацелася б зараз запусьціць, – гэта «Мова нанова для дзетак». Ёсьць патрэба зладзіць для іх асобныя заняткі. Людзі падыходзяць і пытаюцца: «Вось у Менску, Берасьці, Гародні пачаліся ўжо, а калі ў нас?» Але ж ня так проста знайсьці людзей, якія возьмуцца за гэтую працу, тым больш бясплатна. Да таго ж, працаваць з дарослымі значна прасьцей. Дзяцей жа заўжды трэба зьдзіўляць, інакш яны ня будуць хадзіць.
Хацелася б больш цікавых гасьцей. Шкада, што у нас у Віцебску вельмі складана знайсьці беларускамоўных знакамітасьцяў. Мы ўжо амаль усіх нашых сяброў зь Віцебску і навакольля перацягалі. Часцей зьвяртаемся да папулярных асобаў зь Менску.
Канцэпцыя курсаў, як інтэрактыўнага шоў, зьмяняцца ня будзе. Адзінае што, можа, будуць уводзіцца нейкія моманты ў структуры заняткаў з выкарыстаньнем навінак, цікавостак. Глябальных зьменаў уводзіць не зьбіраемся.
Хацелася б больш канцэртаў, больш музыкаў. Гэта цікава, і людзям падабаецца. Зараз ладзім сустрэчу з гуртом «Hand Made». Яны зрабілі паўнавартасную праграму і будуць апрабоўваць яе на нашых курсах.
Вядома, плён ёсьць. І СМІ цікавяцца, і людзі спыняюць на вуліцы, заўважаючы на маёй саколцы аднайменную курсам назву. Пытаюцца: «А што, у нас ёсьць такія курсы?» Галоўнае, што пашырэньне вядомасьці курсаў спрыяе прыходу новых людзей.
Хацелася б, каб прыехаў да нас паэт Андрэй Хадановіч. 5 красавіка прыедзе Аляксандар Дзянісаў з флейтыстам гурту «Людзі на балоце», пасьля нас мусіць наведаць дуэт «Navi»...
Заняткі у нас адбываюцца рэгулярна, стабільна, кожную нядзелю а 14 гадзіне, у Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў «Задзьвiньне», незалежна ад надвор’я і настрою вядоўцаў. Ужо адно тое, што заняткі праводзяцца ў прыстойным памяшканьні, сьведчыць, што гэта цікава ня толькі непасрэдным наведнікам курсаў, але й дзяржава мае ў гэтым пэўную зацікаўленасьць. Людзі да нас прыходзяць разьвівацца духоўна, таму мы лічым: цяпер трэба займацца культурай, у першую чаргу неабходна падвышаць свой культурніцкі ровень.
Праўда, ёсьць і скептыкі, якія ня вераць у плён нашай працы: для іх і мова памерла, і ніколі яна ўжо не ўваскрэсьне, але ж гэта ня так. Калі праходзіш у Менску па праспэкце Незалежнасьці, то там каля «Макдональдсу» стаяць хіпстэры, крутыя модныя маладзёны, якія вольна шпараць па-беларуску. Некаторыя папросту стаяць са слоўнікамі у руках, бо гэта цяпер крута й модна. Але ж яны ўсе ў будучым – патэнцыйныя бацькі, і калі ў іх зьявяцца дзеці, яны іх ужо ня будуць адштурхоўваць ад мовы. Гэта ўжо – плён, вынік, але ж трэба гэта рабіць нязмушана і цікава, праз культуру. Вы паглядзіце, як зараз мяняецца рэпэртуар беларускіх гуртоў, якія раней сьпявалі па-расейску. І гэта ўжо не даніна модзе, а нейкая культурніцкая патрэба. Мо' паглядзелі на добры прыклад «Акіяну Эльзы» ці «Вопляў Відаплясава», якія зьбіралі вялікія пляцоўкі ня толькі ў сябе на Бацькаўшчыне, але і ў Беларусі, і ў Расеі.
Хацелася б, каб беларуская мова стала звычайнай зьявай, а ня проста часовай модай. І калі ў Віцебску яшчэ абарочваюцца на гаворку па-беларуску, то ў Менску беларускамоўная асоба ўжо ўспрымаецца як звычайная, натуральная зьява. Так і павінна быць.
С. Горкі