У Беларускіх дэмакратычных прафсаюзах апошнім часам назіраецца актывізацыя жанчын. Праца з жанчынамі-працаўніцамі вылучаная ў асобны накірунак дзейнасьці прафсаюзаў і завецца «Жаночая сетка». У незалежным прафсаюзе ААТ «Нафтан» узначальвае «Жаночую сетку» намесьніца старшыні першаснай арганізацыі Ніна Турчына.
«Жаночая сетка» рэгулярна ладзіць навучальныя сэмінары для работніц, якiя знаходзяцца ў Беларускім незалежным прафсаюзе. У Наваполацку апошні такі сэмінар адбыўся 24 студзеня, дзе работніцы абмяркоўвалі зьмены ў працоўным заканадаўстве, і як яны могуць паўплываць на спэцыфіку жаночае працы.
Ніна Турчына распавяла, што тэмы для абмеркаваньня падказваюць самі работніцы. Ладзілі навучаньне работніц, як паводзіцца пры зносінах з начальнікам, як праводзіць калектыўныя перамовы з наймальнікам, і нават як мець зносіны ў сям'і са сваімі дзецьмі. Работніцы ўздымаюць пытаньні аплаты працы і спэцыфічных умоў працы для жанчын – усе гэтыя праблемы лябіююцца праз калектыўную дамову. Уся праца «Жаночай сеткі» адлюстроўваецца ў друкаваным дадатку да прафсаюзнай газэты «Жаночы погляд», што выходзіць раз на два месяцы.
Незалежны прафсаюз ААТ «Нафтан» мае свой офіс на прахадной вытворчасьці «Паліміру». У офісе пастаянна вядзецца прафсаюзная дзейнасьць: то рыхтуецца да выпуску прафсаюзны бюлетэнь, то юрыст ладзіць кансультацыі для сбяроў прафсаюзу, то вырашаюцца якія-небудзь праблемы канкрэтнага работніка.