Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі "Маніторынгу ацэнкі ўдзелу НДА і грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў на мясцовым узроўні". Вынікамі маніторынгу віцебскія актывісты падзяліліся з журналістамі і праваабаронцамі.
Леанід Гаравы, экспэрт віцебскага грамадзкага аб'яднаньня "Самакіраваньне і грамадзтва", распавёў, што маніторынг цягам апошніх 6-ці месяцаў 2014 году праводзіўся ў Віцебску, а таксама ў Аршанскім і Пастаўскім раёнах. Матэрыяламі для аналізу былі афіцыйныя сайты мясцовых органаў улады і дакумэнты, якія тычацца спробаў узаемадзеяньня актывістаў НДА зь мясцовымі ўладамі.
"Мясцовыя ўлады Віцебску, Аршаншчыны і Пастаўшчыны, здаецца, ня надта імкнуцца да супрацоўніцтва з грамадзянамі і прадстаўнікамі НДА. Выканаўчымі камітэтамі і мясцовымі саветамі не прадугледжаныя прававыя мэханізмы, якія можна было б скарыстаць для агалошваньня нейкай праблемы. Напрыклад, грамадзяне і НДА ня могуць зрабіць так, каб нейкае вострае пытаньне было вынесенае на паседжаньне органу ўлады, або паўплываць на сутнасьць рашэньня па нейкім пытаньні".
Паводле Леаніда Гаравога, улады настолькі аддаленыя ад простых грамадзянаў, што нават ня лічаць патрэбным знаёміць апошніх са сваімі рашэньнямі. Хаця права на атрыманьне праўдзівай і вычарпальнай інфармацыі мае кожны грамадзянін Беларусі, нават афіцыйныя сайты не сьпяшаюцца паведамляць, што адбываецца "ва ўладзе". Прыкладам, на сайце Віцебскага гарвыканкаму за ўвесь 2014 год апублікаваныя ўсяго два рашэньні гэтага органу ўлады, і абодва датаваныя першым паўгодзьдзем. На сайце аршанскага райвыканкаму існуе разьдзел "Афіцыйнае апублікаваньне", адмыслова прадугледжаны для публікацыі рашэньняў. Аднак ён пусты. Што да Аршанскага райсавету, то на інтэрнэт-старонцы ў адпаведным разьдзеле прадстаўленае адзінае рашэньне – і тое за 2012 год. Нібыта ў 2014 годзе дэутаты не працавалі і нічога не вырашалі. На сайце Пастаўскага райвыканкаму таксама апублікаванае ўсяго адно рашэньне, датаванае 2014 годам.
Атрымліваецца, што органы ўлады існуюць самі па сабе і не зацікаўленыя ў супрацоўніцтве зь мясцовымі жыхарамі. Але і мясцовыя жыхары ня могуць праявіць ініцыятыву, каб зьвярнуць на сябе ўвагу ўладаў. Адным з самых паказальным фактаў зьяўляецца немагчымасьць скарыстацца правам на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, лічыць віцебскі каардынатар руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў:
"У дзяржавы і на мясцовым узроўні намінальна існуюць мэханізмы ўплыву на мясцовыя ўлады праз выказваньне грамадзкай думкі – напрыклад, падчас пікетаў, сходаў, іншых масавых акцыяў. Але на практыцы гэтым правам і ўдзельнікі НДА, і шараговыя грамадзяне скарыстацца ня могуць: паводле рашэньняў Віцебскага гарвыканкаму, Аршанскага гарвыканкаму, Пастаўскага райвыканкаму створаныя такія ўмовы, што заяўкі на мерапрыемствы не задавальняюць. Патрабуюць папярэдніх дамоваў на абслугоўваньне міліцыяй, урачамі, камунальнымі службамі, а тыя, у сваю чаргу, ад заключэньня дамоваў ухіляюцца. Паўплываць на ўлады, каб яны зьмянілі свае рашэньні, зрабіўшы іх выканальнымі, таксама не ўдаецца: што да рашэньня Віцебскага гарвыканкаму наконт арганізацыі і правядзеньня масавых акцыяў, нам заўжды адказваюць, што яно бездакорнае ў юрыдычным сэнсе, і таму зьмены ў ім не патрэбныя".
Удзельнікі маніторынгу прыйшлі да несуцяшальных высноваў. У мясцовых уладаў няма зафіксаваных заканадаўствам абавязкаў даваць справаздачу насельніцтву, кансультавацца зь мясцовымі жыхарамі наконт наступных крокаў у палітыцы, арганізоўваць абмеркаваньні надзённых пытаньняў і гэтак далей. А жаданьня грамадзянаў зьвярнуць на сябе ўвагу ўладаў далёка не дастаткова, каб гэта ўвасобілася ў жыцьцё: з 2009 году ў Віцебску і ў рэгіёнах выканкамы не дазволілі ніводнага масавага мерапрыемства, калі ініцыятыва сыходзіла ад грамадзкіх актывістаў. І ўсе спробы рэалізаваць сваё права на публічнае выказваньне меркаваньняў сканчваліся судовымі пакараньнямі за правядзеньне несанкцыянаваных масавых акцыяў.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"