30 студзеня сябры ГА "БАЖ" сустрэліся для супольнага абмеркаваньня шырокага кола праблемаў. Калегі разважалі пра аспэкты ўзаемадзеяньня НДА зь мясцовымі ўладамі, пра асаблівасьці працы журналістаў, што зьявіліся ў сувязі са зьменамі ў Законе аб СМІ, пра пэрспэктыўныя пляны дзейнасьці ў 2015 годзе. А таксама вучыліся, якім чынам можна палепшыць напаўненьне мясцовых інтэрнэт-сайтаў за кошт якасных фотарэпартажаў.
Леанід Гаравы, сябра БАЖ з райцэнтру Гарадок, які таксама зьяўляецца экспэртам ГА "Самакіраваньне і грамадзтва", прадставіў прысутным вынікі маніторынгу ацэнкі ўдзелу НДА і грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў мясцовымі ўладамі. На прыкладах Віцебску, Аршанскага і Пастаўскага раёнаў ён распавёў пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца грамадзяне, у тым ліку і журналісты, калі спрабуюць прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да вырашэньня канкрэтных праблем. Прадметам аналізу Гаравога сталі сайты мясцовых органаў улады, дзе вельмі нерэгулярна публікуюцца рашэньні выканкамаў, гарадзкіх і раённых саветаў.
Прысутныя акцэнтавалі ўвагу на праблеме атрыманьня інфармацыі ад дзяржаўных структураў, а таксама на тым, што журналістам недзяржаўных СМІ практычна немагчыма трапіць на паседжаньні выканкамаў і мясцовых саветаў. Гэта вядзе да таго, што спажыўцам інфармацыі – мясцовым жыхарам – не ўдаецца атрымаць аб'ектыўнага апісаньня шмат якіх праблемных сытуацыяў у рэгіёне, якія часта прыхоўваюць ад увагі шырокай грамадзкасьці або папросту замоўчваюць.
Тэму складанасьці журналісцкай працы працягнуў праваабаронца, сябра ГА "БАЖ" Павал Левінаў. Ён казаў пра аспэкты працы журналіста, зьвязаныя са зьменамі ў Законе аб сродках масавай інфармацыі, у тым ліку датычна інтэрнэт-СМІ – тым сродкам інфармаваньня і камунікацыі з чытачамі, які робіцца ўсё больш папулярным і запатрабаваным.
Гэтыя акалічнасьці, на думку прысутных, зьяўляюцца істотным стымулам для паляпшэньня працы мясцовых інтэрнэт-рэсурсаў. Як можна дапоўніць і ўдасканаліць зьмест матэрыялаў сайту за кошт якасных фотаздымкаў і фотарэпартажаў, распавёў фатограф і відэаапэратар Аляксандар Зянкоў, кіраўнік барысаўскай суполкі ГА "БАЖ". Удзельнікамі віцебскай сустрэчы якраз і былі ў асноўным тыя, хто займаецца рэдагаваньнем мясцовых інтэрнэт-рэсурсаў (у Віцебску і Віцебскім раёне, Гарадку і Бешанковічах) або супрацоўнічае з рэгіянальнымі інтэрнэт-выданьнямі. Было абмеркавана шмат практычных пытаньняў наконт апрацоўкі фота і розных аспэктаў жанру фотарэпартажу.
Паколькі на сустрэчу ў Віцебск прыехалі прадстаўнікі розных рэгіёнаў, яны выказвалі пажаданьні і наконт далейшага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У першую чаргу паміж суполкамі Віцебшчыны, дзе найбольшая колькасьць сяброў БАЖ жыве ў абласным цэнтры, Полацку, Глыбокім, Воршы, а таксама паміж філіямі найбліжэйшых рэгіёнаў суседніх абласьцей (Барысава, Горак, Бабруйску). Міжрэгіянальныя сустрэчы, прысьвечаныя супольным праблемам суседніх рэгіёнаў або арганізаваныя з мэтаю навучаньня, мусяць паспрыяць і росту прафэсійнага майстэрства, і наладжваньню сяброўскіх сувязяў, і ўмацаваньню журналісцкай салідарнасьці.
baj.by