Улады Беларусі абыякавыя да праблемаў ліквідатараў-чарнобыльцаў, упэўнены палкоўнік запасу, старшыня Віцебскага абласнога падразьдзяленьня грамадзкай арганізацыі «Саюз Чарнобыль-Беларусь», зарэгістраванай ва Ўкраіне, Анатоль Гнеўка. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію «Дыялёгу».
У 1988 годзе беларус палкоўнік Анатоль Лявонцьевіч Гнеўка, які служыў у штабе Сыбірскай вайсковай акругі, быў камандзіраваны ў Чарнобыльскую зону для далейшага праходжаньня службы ў якасьці начальніка штабу Апэратыўнай групы грамадзянскай абароны СССР па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. 18 красавіка ён прыбыў на новае месца службы і цягам паўгоду выконваў свае абавязкі ў непасрэднай блізкасьці ад атамнай станцыі.
Сёньня, амаль праз трыццаць гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы, Анатоль Гнеўка ахвотна падзяліўся з «Дыялёгам» сваімі думкамі наконт тых праблемаў, зь якімі цяпер сутыкаюцца непасрэдныя ўдзельнікі ліквідацыі Чарнобыльскай аварыі.
– Ужо не за гарамі 30-годзьдзе з дня Чарнобыльскай трагедыі, але цяперашняя ўлада зусім ня хоча заўважаць ані нас, ані тых праблемаў, зь якімі мы сутыкаемся. Шмат у якіх нашых суседзяў чарнобыльцы – паважаныя людзі. Ня трэба нам ніякіх падарункаў – хаця б нейкай элемэнтарнай павагі за выкананы намі грамадзянскі абавязак. Вы хаця б маральна падтрымайце! Цалкам хапіла б лістоў падзякі або паштоўкі, не кажучы ўжо пра юбілейны мэдаль.
Уявіце сабе, нават кіргізы ўзнагародзілі сваіх ліквідатараў мэдалём, прысьвечаным 20-годзьдзю Чарнобыльскай катастрофы. Такі самы мэдаль выпусьцілі расейцы. Дарэчы, я быў у ліку ўзнагароджаных. І ўкраінцы ўзнагародзілі мяне юбілейным мэдалём ў сувязі з чарговай гадавінай. А тутэйшыя ўлады практычна ігнаруюць і нас, і чарнобыльскую праблему. Нават значка ня выпусьцілі. Такое вось стаўленьне. Хіба гэта ня крыўдна? Але ж і апазыцыя не заўважае нас, а можна было б вакол Чарнобыльскай праблемы ім усім і аб'яднацца.
Я не хачу ніякім чынам абражаць воінаў-інтэрнацыяналістаў, але ж у адрозьненьні ад іх мы непасрэдна абаранялі беларускі народ. Каб менш было радыяцыі ў нашай краіне. І чаго дамагліся? Тыя, хто абараняў афганскі народ, этыёпскі, сырыйскі, эгіпецкі, сёньня ў пашане і павазе, іх дзяржава віншуе, узнагароджвае, помнікі адкрывае.
Некалькі разоў я зьвяртаўся да ўладаў: давайце паставім у Віцебску хаця б памятны камень ахвярам Чарнобыля. Мне адказваюць: няма грошай. Дык мы самі сабралі б.
У нашым горадзе няма нават вуліцы імя Герояў-ліквідатараў, а я неаднаразова выступаў з гэткай ініцыятывай. Парадаксальна, але ўлады ставяцца да нас гэтаксама, як да тых, хто выступае зь нейкімі палітычнымі патрабаваньнямі. Адзіная палёгка, якая засталася ў мяне, як чарнобыльскага ліквідатара, – гэта пазачарговы прыём да лекара, але нават гэтай ільготай я не злоўжываю. Заўсёды саступаю чаргу жанчынам і людзям старэйшым па ўзросьце.
І яшчэ засталася палёгка на пазачарговае ўладкаваньне маіх дзяцей у дзіцячы садок. Большага цынізму цяжка сабе ўявіць. Такое стаўленьне да нас з боку ўлады ні ў якія рамкі не ўваходзіць. Дзе гэта бачана! Вядома ж, што абаронцы Айчыны заўсёды былі ў пашане і павазе.
Штогод 26 красавіка мы зьбіраемся на імправізаваны мітынг-рэквіем на Ўсьпенскай горцы. Размаўляем, успамінаем... А ў гэты самы час улады падганяюць аўтобус і чалавек дваццаць міліцыі «дзеля нашай аховы». У завяршэньне апускаем ў Дзьвіну памятны вянок. Дык міліцыянты, пераапранутыя ў цывільную вопратку, падыходзяць і пытаюцца: «Навошта вы раку засьмечваеце?» Атрымліваецца: няма ў нас права ні на памяць, ні на свабоднае выказваньне сваіх перакананьняў. Ды хіба толькі на гэта?
Вось што мне распавёў мой добры знаёмы, Сяргей Іконьнікаў. У Воршы жыве былы чарнобылец Анатоль Бандарэнка. Дык вось, пасьля таго як яму споўнілася пяцьдзесят гадоў, ён вырашыў скарыстацца існуючай ільготай і сысьці на пэнсію ў гэтым узросьце. Аднак аршанскі гарадзкі суд не прызнаў яго пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, хоць падчас праходжаньня тэрміновай службы ён некалькі месяцаў знаходзіўся ў непасрэднай блізкасьці ад станцыі.
Справа ў тым, што ніякіх дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць гэты факт, не захавалася, а фатаграфія на фоне чацьвёртага энэргаблёку доказам не зьяўляецца. «Мабыць, вы адмыслова зьезьдзілі ў Чарнобыль, сфатаграфаваліся, а цяпер на падставе гэтага хочаце скарыстацца ільготай», – адказала пазоўніку судзьдзя. Вось такая сьвядомасьць у сёньняшніх судзьдзяў. Выходзіць, салдат тэрміновай службы лёгка мог заехаць у Чарнобыльскую зону, дзе ледзьве не праз кожныя пяць кілямэтраў былі выстаўлены пасты пропуску.
Аднак на гэтым Бандарэнка не спыніўся і падаў зварот у Віцебскі абласны суд, а ў якасьці сьведак прыцягнуў свайго былога камандзіра ўзводу Сяргея Іконьнікава і сваіх таварышаў па службе Івана Зуева і Алега Лаўрэнава, якія пражываюць у Віцебску. Суд адбыўся, але, таксама як і папярэдні, завяршыўся безвынікова. Для судзьдзі прадстаўленыя пазоўнікам тры сьведкі, якія знаходзяцца ў поўным здароўі і розуме, ня сталі неабходным аргумэнтам для пацьверджаньня высунутых Бандарэнкам прэтэнзіяў. Сяргею Іконьнікаву як афіцэру запасу цаной немалых высілкаў пашчасьціла атрымаць дакумэнты, што пацьвярджаюць праходжаньне ім службы ў пэрыяд ліквідацыі наступстваў ЧАЭС. А вось тое, што вышэйзгаданыя грамадзяне ў той час былі яго непасрэднымі падначаленымі, даказаць не ўдалося. Камандзір узводу старшы лейтэнант С. Іконьнікаў быў, а вось асабовага складу ў яго быццам бы і не было, хоць на прадстаўленым суду фотаздымку яго ўзвод быў сфатаграфаваны абсалютна цалкам, у поўным складзе.
Такія вось у нас улады, прававая сыстэма і грамадзтва, якому на праблемы чарнобыльцаў калі і не напляваць, дык, відавочна, яны абсалютна яго не хвалююць...